БЕЛ Ł РУС

У Францыі парламент выказаў недавер ураду

8.09.2025 / 21:38

Nashaniva.com

Пасля таго, як Нацыянальны сход выказаў вотум недаверу прэм’ер-міністру Франсуа Байру, ягоны ўрад будзе вымушаны пайсці ў адстаўку. Гэта ўжо чацвёртая змена кабінета міністраў у краіне за апошнія два гады.

Франсуа Байру. Фота: Ameer Alhalbi/Getty Images

Байру прабыў на сваёй пасадзе ўсяго дзевяць месяцаў. Ён сам ініцыяваў працэс галасавання, калі стаў цэнтрам крызісу, выкліканага яго эканамічнай праграмай.

Прэм’ер прапаноўваў маштабны план жорсткай эканоміі: скараціць дзяржаўныя выдаткі прыкладна на 44 мільярды еўра, замарозіць падатковыя стаўкі, а таксама пакінуць на наяўным узроўні пенсіі і сацыяльныя выплаты. Мэта гэтага, паводле Байру, — знізіць дзяржаўны доўг і збалансаваць бюджэт.

Аднак яго ініцыятывы выклікалі супраціў як у парламенце, так і ў грамадстве. Сітуацыя перарасла ў палітычны крызіс, і Байру вырашыў вынесці пытанне даверу на галасаванне, якое завяршылася для яго паразай.

З моманту абрання Эммануэля Макрона ў 2017 годзе гэта ўжо шосты прэм’ер-міністр. Асабліва частыя змены кіраўнікоў урада адбываюцца пасля 2022 года — Байру стаў ужо пятым па ліку за гэты час. Гэта сведчыць пра нестабільнасць французскай выканаўчай улады.

Чытайце таксама:

Францыя стаіць на парозе новага палітычнага крызісу

Тандэм прэзідэнта Францыі і яго прэм'ер-міністра стаў самым непапулярным у сучаснай гісторыі краіны

Макрон аб'явіў пра гатоўнасць 26 краін накіраваць свае войскі ва Украіну

Каментары да артыкула