БЕЛ Ł РУС

«Мы недаацэньваем маштаб асобы Кадырава. Тое, што нам здавалася немагчымым, магчыма»

5.09.2025 / 8:14

Nashaniva.com

Расійскі журналіст і заснавальнік медыя «Праект» Раман Баданін, які рабіў расследаванні пра Рамзана Кадырава, у інтэрв'ю ютуб-каналу «вДудь» выказаў свой погляд на пераемніка Кадырава і яго стан здароўя.

Рамзан Кадыраў. Фота: Getty Images

«У пачатку працы над гэтай тэмай, а яна працягвалася вельмі доўга, я б, напэўна, сказаў, што не ўпэўнены шмат у чым з таго, што нам трэба было ў працэсе даказваць. Мы, мякка кажучы, недаацэньваем маштаб гэтай асобы.

Там зверскія законы. На падставе іншых прыкладаў, іх паказальнасці, іх жорсткасці я перагледзеў наогул сваё стаўленне да таго, як неабходна расследаваць Кадырава. Тое, што нам здавалася немагчымым, магчыма. Вось якім я выйшаў з гэтага расследавання»,

— даводзіць Раман Баданін.

Што са здароўем Кадырава

Адказваючы на пытанне аб стане здароўя Кадырава, Баданін адзначае, што ў кіраўніка Чачні сапраўды былі праблемы з ныркамі, якія ён «так ці іначай вырашыў», і заўважае, што да ўсялякай інфармацыі аб здароўі Кадырава трэба ставіцца з асцярожнасцю.

Раман Баданін. Скрыншот: vdud / YouTube

«У мяне ёсць два назіранні, заснаваныя ў тым ліку на размовах з людзьмі, калі мы рыхтавалі гэты фільм.

Першае і самае важнае для мяне. Адзін з суразмоўцаў, які вельмі добра ведаў Рамзана Кадырава, згадвае як неаднаразовую наступную падзею: Рамзан звязваўся з людзьмі і палітыкамі, якіх ён лічыў канкурэнтамі, наступным чынам.

Ён саджаў нейкую са сваіх жонак ці нейкага з сваякоў, сяброў, і прасіў звязацца з гэтым чалавекам па тэлефоне і проста пагаварыць з ім пра жыццё, пра Чачню, пра Кадырава. А сам сядзеў побач і слухаў гэта па гучнай сувязі.

Вось такая ступень каўказскай параноі. Яму хацелася такім чынам даведацца настрой людзей на тым канцы проваду па нейкіх простых, актуальных падзеях чачэнскага жыцця. Часам ён потым умешваўся са смехам у размову, а часам, відаць, не…»

На думку Баданіна, Кадыраву падабаецца ствараць такія «памежныя сітуацыі» і назіраць за рэакцыяй. Таму журналіст не выключае, што значная частка ажыятажу вакол здароўя падабаецца самому Кадыраву. А потым «ён выходзіць здаровы, памаладзелы».

Другі важны аспект, пра які варта памятаць, ацэньваючы стан здароўя Кадырава, гэта тое, што медыцынская тэма — адна з самых закрытых.

«Таму калі мне пішуць СМІ, што ў яго некроз падстраўнікавай залозы, з якім увогуле, па-мойму, жывуць вельмі абмежаваны час, я ўсё ж пачынаю сумнявацца», — дзеліцца журналіст.

Адам Кадыраў — пераемнік?

Адносна магчымай перадачы ўлады Раман Баданін лічыць, што хоць Адам Кадыраў і «большы пераемнік, чым іншыя дзеці», ён не зможа заняць пасаду кіраўніка Чачні ў найбліжэйшай будучыні праз юрыдычныя абмежаванні:

«Пакуль ніхто не адмяняў тыя ж нормы законаў, паводле якіх прэзідэнтам станавіўся Кадыраў. Ні Адам, ні хтосьці з іншых яго сыноў не можа стаць кіраўніком рэспублікі зараз».

Таму калі перадача ўлады адбудзецца ў адносна блізкай будучыні, то часовым кіраўніком, хутчэй за ўсё, стане іншы чалавек. Баданін называе імя былога дэпутата Дзяржаўнай думы Расіі і далёкага родзіча Кадырава Адама Дзелімханава.

Журналіст падкрэслівае, што Рамзан Кадыраў мэтанакіравана рыхтаваў глебу для такога сцэнару:

«Усе тры роды з чатырох галоўных у Чачні цяпер пародненыя, прычым не аднойчы пародненыя: Дэлімханавы, Кадыравы і Герэмеевы. Толькі Даудаў пакуль халасты. Гэта трэба ў тым ліку для таго, каб засцерагчы пераемніка ад рэгента, рэгента ад пераемніка і гэтак далей».

Чытайце таксама:

Кадыраў заявіў, што просіцца ў адстаўку

Кадыраў рыхтуе перадачу ўлады

«Ранейшага лідара ўжо не будзе». Рамзан Кадыраў невылечна хворы

Золата, «Гелендваген» і $27 мільёнаў на руцэ — з'явіліся некалькі кадраў з вяселля Адама Кадырава

Каментары да артыкула