Па беларускіх школах разаслалі лісты ад імя МУС, што расійскія вайскоўцы гвалцяць непаўналетніх. Кажуць, што гэта фэйк
3 верасня некаторыя беларускія школы атрымаў лісты, разасланыя нібыта ад імя Міністэрства ўнутраных спраў. У гэтых паведамленнях сцвярджалася, што расійскія вайскоўцы здзяйсняюць злачынствы супраць непаўналетніх.
Скрыншот з відэа МУС
У МУС Беларусі падкрэслілі, што гэта падробка, мэта якой — «дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы і пасеяць паніку ў грамадстве».
Ведамства апублікавала відэа з прыкладамі такіх лістоў: яны былі аформленыя на бланках, падобных да афіцыйных, і ў іх сцвярджалася, што напярэдадні вучэнняў «Захад-2025» адбыўся «ўсплёск сэксуальнага гвалту» з боку расійскіх вайскоўцаў.
У МУС заявілі, што ніводнага такога выпадку не зафіксавана, і заклікалі давяраць толькі афіцыйным крыніцам. Таксама там нагадалі, што адкрыццё падазроных файлаў і пераход па сумнеўных спасылках можа прывесці да страты доступу да сацсетак ці заражэння камп’ютара шкоднымі праграмамі.
Таксама следчыя завялі па гэтым эпізодзе крымінальную справу, паведамляе прэс-служба МУС.
Чытайце таксама:
Еўрапейскім чыноўнікам рассылаюцца паведамленні ад фэйкавага Ціханоўскага
Беларускі дом у Варшаве папярэдзіў пра фэйкавую рассылку ад яго імя