БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік Пентагона заявіў пра гатоўнасць да аперацыі па зрынанні Нікаласа Мадура

3.09.2025 / 21:25

Nashaniva.com

Міністр абароны ЗША Піт Хегсет у эфіры тэлеканала Fox News паведаміў, што Вашынгтон можа пайсці на аперацыю па звяржэнні ўлады ў Венесуэле. Ён адзначыў, што Белы дом гатовы выкарыстаць усе сілы арміі, але канчатковае рашэнне залежыць ад прэзідэнта Дональда Трампа, піша The Moscow Times.

Нікалас Мадура. Фота: Jesus Vargas / Getty Images

Хегсет заявіў, што ЗША адкрыта дамагаюцца адхілення ад улады ў Венесуэле Нікаласа Мадура, якога ён назваў «кіраўніком наркакартэльнай дзяржавы». Паводле яго слоў, за арышт Мадура паабяцаная ўзнагарода ў 50 мільёнаў долараў, бо яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў наркатрафіку, які нібыта шкодзіць амерыканцам.

2 верасня амерыканскія вайскоўцы патапілі карабель у Карыбскім моры, што ішоў з Венесуэлы і, паводле сцвярджэння ўладаў ЗША, перавозіў наркотыкі. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што на борце былі ўдзельнікі злачыннай групоўкі Tren de Aragua, якая працуе на інтарэсы Мадура. У выніку загінулі 11 чалавек.

Гэта акцыя стала часткай шырэйшай ваеннай аперацыі. Напрыканцы жніўня Трамп адправіў у рэгіён баявую групу з крэйсерам, эсмінцамі, падводнай лодкай і дэсантнымі караблямі, на якіх служаць каля 4,5 тысяч вайскоўцаў, для барацьбы з наркакартэлямі.

У Каракасе гэтыя дзеянні назвалі агрэсіяй. Мадура ахарактарызаваў павелічэнне вайсковай прысутнасці ЗША як «варожую аблогу» і звярнуўся да кіраўніка ААН Антоніу Гутэрыша з просьбай абараніць незалежнасць Венесуэлы.

У сваім тэлезвароце пасля інцыдэнту з караблём ён заявіў, што ЗША выкарыстоўваюць тэму барацьбы з наркотыкамі як зачэпку, каб атрымаць доступ да венесуэльскіх прыродных рэсурсаў.

Чытайце таксама:

ЗША сабралі цэлую флатылію каля берагоў Венесуэлы

Ціханоўская і дэмсілы Венесуэлы дамовіліся сумесна супрацьстаяць сувязям рэжымаў Лукашэнкі і Мадура

Мадура абвясціў надзвычайнае эканамічнае становішча ў Венесуэле ў адказ на мыты ЗША

Не прайшло і месяца, як Трамп узяўся за Мадуру

Улады ЗША арыштавалі другі самалёт, які належыць венесуэльскаму лідару Нікаласу Мадуру

Каментары да артыкула