Мерц упершыню адкрыта назваў Пуціна ваенным злачынцам. Пуцін адказаў
Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц упершыню падчас публічнага выступлення адкрыта ахарактарызаваў Уладзіміра Пуціна як «ваеннага злачынца».
Фрыдрых Мерц. Фота: Emmanuele Contini / NurPhoto via Getty Images
«Магчыма, [ён] адзін з самых сур'ёзных ваенных злачынцаў нашага часу, якога мы сёння бачым у буйным маштабе. І мы павінны ясна разумець, як абыходзіцца з ваеннымі злачынцамі. Тут паблажлівасць недарэчная», — сказаў нямецкі палітык у інтэрв'ю тэлеканалу Sat.1.
Таксама Мерц дадаў, што на гэты момант Пуцін не бачыць ніякіх падстаў для спынення агню або мірнага пагаднення з Украінай. Асобна канцлер заявіў, што неабходна ўвесці пошліны для тых, хто працягвае развіваць гандлёвыя адносіны з Расіяй, каб аслабіць расійскую эканоміку.
Як адзначае Der Spiegel, Мерц раней заяўляў пра ваенныя злачынствы Расіі, аднак ён ніколі не выкарыстоўваў словазлучэнне «ваенны злачынец» у дачыненні да асабіста Пуціна.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы заявы Мерца, сказаў, што той «дапусціў у апошнія часы вельмі шмат нядобрых заяў» у адрас Пуціна.
Пракаментаваў выказванне Мерца на прэс-канферэнцыі па выніках візіту ў Кітай і сам Пуцін. На яго думку:
«Гэта няўдалая спроба зняць з калектыўнага Захаду адказнасць за тую трагедыю, якая адбываецца ва Украіне».
Паводле яго інтэрпрэтацыі гістарычных падзей, у 2014 годзе міністры трох заходніх краін падпісалі пагадненне паміж прэзідэнтам Украіны Януковічам і апазіцыяй, якое прадугледжвала вырашэнне ўсіх пытанняў у межах канстытуцыі. Аднак ужо на наступны дзень адбыўся «дзяржаўны пераварот», і заходнія гаранты нічога не зрабілі. Пасля гэтага, маўляў, і адбылося ўключэнне Крыма і сутыкненні на Данбасе. А ўсе спробы Расіі вырашыць пытанні мірным шляхам, у тым ліку праз Мінскія пагадненні, былі Украінай і Захадам сарваныя.
Чытайце таксама:
Мерц: У Пуціна няма падстаў для спынення вайны ці заключэння мірнай дамовы з Украінай
Далучэнне Крыма да Расіі магло быць апошняй воляй бацькі Пуціна
Трамп даведаўся «цікавыя рэчы» пра Расію і Украіну, але пакуль пра іх не гаворыць