БЕЛ Ł РУС

У АПЕК+ думаюць яшчэ раз павялічыць здабычу нафты

3.09.2025 / 17:34

Nashaniva.com

Краіны АПЕК+ плануюць яшчэ раз павялічыць здабычу нафты, паведамілі Reuters два чалавекі, звязаныя з ходам абмеркавання. Пасля гэтай навіны кошт Brent на біржы ў сераду ўпала больш чым на 2%. Эксперты дапускаюць, што да канца года на сусветным рынку будзе назірацца яе вялікі лішак.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Картэль і яго партнёры абмяркоўваюць магчымасць далейшага росту здабычы ў кастрычніку. Сесію для прыняцця рашэння прызначылі на нядзелю. Раней яны ўжо павялічылі квоты на 2,2 мільёна барэляў у дзень у перыяд з красавіка па верасень. Гэта дазволіць вярнуць на рынак нафту, якую АПЕК+ раней забраў для падтрымкі цэнаў.

Акрамя таго, здабыча расце ў краінах, што не ўваходзяць у картэль. Міжнароднае энергетычнае агенцтва прагназуе вялікі лішак нафты ў 2025 годзе — каля 2 мільёнаў барэляў у дзень, і ён будзе павялічвацца бліжэй да канца года. Па прагнозах, у гэтым годзе прапанова вырасце на 2,5 мільёна барэляў у дзень, а попыт — толькі на 0,68 мільёна.

Кошт нафты, які ў аўторак дасягнуў максімуму за апошні месяц, пасля навіны пра планы АПЕК+ знізіўся на 2,1% да $67,72 за барэль, але потым часткова аднавіўся да $68,2. З пачатку года Brent падаражэў прыкладна на 9%.

Рэальна на рынак можа паступіць менш нафты, чым плануецца, бо некаторыя краіны скарачаюць здабычу, каб кампенсаваць ранейшую перавытворчасць, а іншыя абмежаваныя тэхнічна. Аднак у жніўні краіны АПЕК павялічылі здабычу прыкладна на запланаваныя 400 000 барэляў у дзень, пры гэтым больш за палову росту забяспечыла Саудаўская Аравія.

Чытайце таксама:

АПЕК+ рэзка павялічвае здабычу нафты. Гэта ўдарыць па расійскім бюджэце

«Рускія і амерыканцы пляскаюць у ладкі». Масква, Берлін і Вашынгтон абмяркоўваюць аднаўленне паставак сыравіны ў Германію на НПЗ «Раснафты»

Расія не можа з-за санкцый прадаць мільёны барэляў нафты і рыхтуецца скарачаць здабычу

Трамп гаворыць пра зніжэнне цэнаў на нафту, але хто будзе зніжаць?

Каментары да артыкула