ЗША ў найбліжэйшыя дні разгледзяць усе магчымыя спосабы ціску на Расію
Міністр фінансаў ЗША Скот Бесент заявіў, што адміністрацыя прэзідэнта Дональда Трампа на гэтым тыдні разгледзіць усе магчымасці санкцыйнага ціску на Расію, паколькі з моманту сустрэчы Трампа з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на Алясцы ніякіх зрухаў на шляху да міру ва Украіне не адбылося.
Дональд Трамп. Фота: Joe Raedle / Getty Images
«Прэзідэнт Пуцін пасля гістарычнай сустрэчы ў Анкорыджы, пасля тэлефоннай размовы, калі еўрапейскія лідары і прэзідэнт Зяленскі былі ў Белым доме ў наступны панядзелак, дзейнічаў цалкам процілеглым чынам таму, што, як ён заяўляў, ён меў намер зрабіць. Па сутнасці, ён самым подлым, самым агідным чынам узмацніў бамбардзіроўкі», — сказаў Бесент у інтэрв'ю Fox News.
«Таму я думаю, што з прэзідэнтам Трампам усе варыянты магчымыя, і, думаю, мы будзем іх вельмі ўважліва вывучаць на гэтым тыдні», — адзначыў амерыканскі міністр.
У панядзелак, 1 верасня, скончыліся чарговыя два тыдні, якія Дональд Трамп даваў Пуціну, каб стаць на шлях міру. Ранейшыя ультыматумы з вызначэннямі канкрэтных тэрмінаў урэшце канчаліся нічым, таму і цяпер ёсць сумневы, што ЗША сапраўды будуць прымуць сапраўды сур'ёзныя меры.
Тым часам Уладзімір Пуцін на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Кітаі заявіў, што «разуменні», дасягнутыя з Дональдам Трампам на перамовах 15 жніўня, могуць адкрыць «дарогу да міру», не ўдакладніўшы, пра якія менавіта «разуменні» ідзе гаворка.
Чытайце таксама:
Фрыдрых Мерц: Вайна ва Украіне працягнецца яшчэ доўга
Трамп параўнаў Пуціна і Зяленскага з дзецьмі на пляцоўцы
Трамп разглядае магчымасць выкарыстання для гарантый Украіне амерыканскіх ПВК
Пуцін пасля сустрэчы з Трампам едзе ў Кітай святкаваць перамогу
Ярмак у ЗША: Пасадзіце Расію за стол перамоваў — і Украіна пераможа
Трамп пра Расію і Украіну: Няважна, што яны гавораць. Усе займаюцца пазёрствам
Трамп так і не ўвёў санкцыі супраць Расіі і Пуціна. Ці варта верыць яго новым пагрозам?