Лявончык: Сумняюся, што Карпушонак кантралюе свой акаўнт. Гэта абароты з падручніка прапаганды
Кіраўнік фонду «Байхэлп» Аляксей Лявончык адрэагаваў на новае відэа, выкладзенае ў фэйсбук дэлегаткай Каардынацыйнай рады Вольгай Карпушонак, і жорстка ды бескампрамісна прайшоўся па сцвярджэннях, зробленых у ім.
Аляксей Лявончык на канфедэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні 2024 года. Фота: «Наша Ніва»
Лявончык звяртае ўвагу на тое, што Карпушонак зноў не прыводзіць ніякіх доказаў, што нібыта Павел Латушка яе дамагаўся, хоць «калі яны ёсць, выкласці іх — не праблема». Таксама ён звяртае ўвагу на тое, што ў тэксце ў фэйсбуку Вольга сцвярджае, што «будзе паступова выкладаць неаспрэчныя доказы», а ў відэа абяцае гэта рабіць толькі пры працягванні ціску на яе.
«Такое адчуванне, быццам тэкст для ФБ і для начыткі на відэа пісалі розныя людзі», — робіць выснову Лявончык.
Ужываныя ў тэксце відэа слоўныя абароты, што Карпушонак будзе гаварыць «з толькі па-сапраўднаму незалежнымі СМІ», будзе працаваць «толькі з тымі арганізацыямі, на якія няма ўплыву ў польскіх і ўкраінскіх уладаў», што Латушку «ніхто не паверыць, толькі пара супрацоўнікаў НАУ», ён ацэньвае як жыўцом узятыя з арсеналу і метадычак лукашэнкаўскай прапаганды, бо ўсё тое самае можна пачуць і на БТ.
«Няма ніводнай адсылкі да падзей між першым і другім відэа. Такое адчуванне, быццам бы першае і другое пісаліся ў адзін дзень і выстаўляюцца па графіку», — заўважае Аляксей Лявончык.
Урэшце ён заклікае Карпушонак выкласці нарэшце скрыны перапісак з запрашэннямі і пагрозамі, раз Латушка настолькі ўжо «забыўся пра правілы бяспекі».
А ўрэшце робіць выснову:
«Вольга запісала гэтыя і іншыя запісы пад ціскам (кажу «запісала гэтыя і іншыя», бо ўпэўнены, што там ёсць яшчэ пачак вось такой вось беліберды без доказаў, і яны будуць выкладацца паводле графіку гэбні). І я вельмі сумняюся, што яна кантралюе свой акаўнт і гэта выкладае».
Чытайце таксама:
«Такое ж пошлае і дурное». У Латушкі адказалі на новае відэа Вольгі Карпушонак
Дэлегатка КР Карпушонак пасля маўчання апублікавала відэа
Дзе ж сама дэлегатка КР Карпушонак, якая абвінаваціла Латушку?
«Не веру, што гэта піша яна». Таццяна Мартынава сцвярджае, што Карпушонак таксама знікла
Латушка абвяргае абвінавачанні ў харасмэнце ад дэлегаткі КР Карпушонак