Грузію не запрасілі на сустрэчу міністраў ЕС з краінамі-кандыдатамі на сяброўства
Прадстаўніка ўрада Грузіі не запрасілі на сустрэчу міністраў па справах Еўропы з міністрамі краін-кандыдатак на сяброўтва ў ЕС, якая пройдзе ў Капенгагене 1—2 верасня ў межах нефармальнага пасяджэння міністраў ЕС. Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на некалькіх дыпламатаў ЕС.
Падчас праеўрапейскіх пратэстаў у Тбілісі. Фота: AP Photo/Zurab Tsertsvadze
Грузія не будзе прысутнічаць на сустрэчы краін-кандыдатак, бо, па словах аднаго з дыпламатаў, яна «афіцыйна прыпыніла працэс уступлення ў ЕС».
Раней ЕС накіраваў Грузіі ліст з патрабаваннем аднавіць вяршэнства права і перагледзець строгія прысуды членам апазіцыі да 31 жніўня 2025 года, інакш можа быць прыпынены бязвізавы рэжым для грамадзян Грузіі. Галоўная дыпламатка ЕС Кая Каллас пацвердзіла, што Еўрасаюз разглядае магчымасць прыпынення безвізавага рэжыму для ціску на грузінскія ўлады.
Акрамя таго, Парламентская асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) можа распачаць працэс выключэння Грузіі з гэтай арганізацыі.
Чытайце таксама:
Беларусу, арыштаванаму ў Грузіі, выдалі часовы дакумент аб легалізацыі
Каго прымуць у ЕС у найбліжэйшыя гады?
Хацелі як лепш, а выйшла як заўсёды. Пра што сведчаць малдаўскія выбары