Аднаўляецца судовы працэс над журналістам Ігарам Ільяшом
4 верасня ў Мінскім гарадскім судзе працягнецца працэс па справе журналіста Ігара Ільяша, які быў прыпынены яшчэ ў сакавіку. За гэты час яго тэксты прайшлі псіхалінгвістычную экспертызу, якую праводзіў доктар філалагічных навук, прафесар БДУ Сяргей Лебядзінскі.
Ігар Ільяш
Працэс над Ігарам Ільяшом пачаўся 21 лютага. Яго абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4 КК). У відэа, паказаным дзяржаўнымі СМІ пасля затрымання, ён казаў, што яго пераследуюць за інтэрв’ю незалежным СМІ, прызнаным уладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Сам Ільяш хадайнічаў, каб экспертызу праводзіў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, але суд адхіліў просьбу.
Ігар Ільяш — муж журналісткі Кацярыны Андрэевай, асуджанай у 2020 годзе пасля стрыму з плошчы Пераменаў. Спачатку яна атрымала 2 гады турмы, пазней яе прыгаварылі па новай справе за «здраду дзяржаве» да 8 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі.
Самога Ігара Ільяша затрымалі ў кастрычніку 2024 года.
Чытайце таксама:
Дыпламаты прыйшлі да будынка суда, каб падтрымаць Ільяша
Адміністратар беларускай Вікіпедыі Максім Лепушэнка выйшаў з СІЗА, атрымаўшы хатнюю хімію
Маладую мадэль і актрысу з Мінска пакаралі за ўдзел у пратэстах