БЕЛ Ł РУС

Што за дваццацігадовыя дзяўчаты наліваюць чай Лукашэнку

1.09.2025 / 18:55

Nashaniva.com

У сярэдзіне жніўня тэлеграм-канал «Время первого» апублікаваў відэа, на якім дзяўчаты са службы пратаколу рыхтуюць працоўны стол для Аляксандра Лукашэнкі. Адна з іх ставіць на стол кубак (робіць гэта ў пальчатках), а на пытанне пра змесціва адказвае з усмешкай: «Кітайскі чай». «Люстэрка» даведалася, хто гэтыя дзяўчаты і чым яны займаліся перад тым, як трапіць у кабінет Лукашэнкі.

Валерыя Вегера і Дар’я Дробыш у Палацы Незалежнасці, Мінск, 18 жніўня 2025 года. Скрыншот: тэлеграм-канал «Время Первого»

Супрацоўніца СК і работніца буйнога казіно

Як высветліла «Люстэрка», дзяўчаты на відэа — 22-гадовая Дар’я Дробыш і 25-гадовая Валерыя Вегера. Адпаведнасць праверылі з дапамогай ШІ-сэрвісу ад Amazon: у абодвух выпадках праграма адзначыла, што на скрыншоце відэа і на знойдзеных фота — адны і тыя ж людзі. Асобы беларусак «Люстэрку» пацвердзілі і ў Belpol.

У сацсетках у абедзвюх дзяўчат асабістай інфармацыі няшмат.

Так, Валерыя падзялілася на старонцы «ВКонтакте», што родам з Гомеля. Публікацый на сцяне практычна няма — толькі тры фатаграфіі, апошняя зробленая ў 2021 годзе. Мяркуючы з падпісак, дзяўчына відавочна цікавіцца б’юці-сферай: сочыць за паблікамі, прысвечанымі модзе, фітнэсу, догляду за сабой. А таксама англійскай мовай: сярод падпісак некалькі груп, прысвечаных яе вывучэнню.

Падобна выглядае і старонка Дар'і — ёсць інфармацыя, што яна родам са Слуцка, і дата нараджэння, а на сцяне толькі адно фота за 2021 год. Сярод падпісак у дзяўчыны — лакальныя групы роднага горада (накшталт «Падслухана Слуцк», «Кветкі Слуцк» або «Нарошчванне веек Слуцк»), паблікі з жартамі, падборкамі кіно і знаходкамі на Wildberries.

З дапамогай «Кіберпартызан» журналісты атрымалі даныя афіцыйных рэестраў, у якіх ёсць месцы працы і вучобы абедзвюх дзяўчат. Так, Валерыя Вегера скончыла школу № 37 у Гомелі. Працаваць пачынала як супрацоўніца лагера «Чонкаўскі бор» у 2016 годзе (відаць, беларуска ездзіла туды важатай). Звестак пра тое, у якой ВНУ вучылася дзяўчына, у базе «Кіберпартызан» няма. Але мяркуючы з чатырохгадовага перапынку паміж запісамі, у яе можа быць вышэйшая адукацыя.

У 2020 годзе Вегера прыйшла ў Гомельскі абласны суд (пасада не раскрываецца). А ўжо ў лістападзе 2021-га ўладкавалася ва ўпраўленне СК па Гомельскай вобласці. Там яна працавала як мінімум да пачатку 2024 года. Дзе працуе Валерыя цяпер — невядома, бо звесткі «Кіберпартызан» актуальныя на пачатак 2024-га.

Дар’я Дробыш скончыла школу № 11 у Слуцку. У 18 гадоў уладкавалася ў інтэрнэт-краму «Дом натуральнай касметыкі». Праз год, у студзені 2023-га, будучая супрацоўніца службы пратаколу Лукашэнкі перайшла ў казіно — месцам працы пазначанае ТАА «Максбет». Там Дробыш заставалася да пачатку 2024 года.

Валерыя Вегера і Дар’я Дробыш, 2021 год. Фота: старонкі Валерыі і Дар'і «ВКонтакте»

Раней у розныя гады ў службе пратаколу былі заўважаныя тэлевядоўца Паліна Шуба, Дар’я Шманай (да 2014 года працавала ў Нацыянальнай школе прыгажосці, пазней стала начальніцай спецаддзела адміністрацыі Лукашэнкі, папрацавала і ў амбасадзе ў Расіі), пераможца конкурсу «Міс Беларусь — 2018» і экс-дэпутатка Марыя Васілевіч і іншыя.

Чытайце таксама:

Стала вядома, дзе працуе фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава

Фаварытка Лукашэнкі і Чыжа — што прынесла гімнастцы Ксеніі Санковіч блізкасць з палітычнымі элітамі?

Кавуновы батальён Лукашэнкі: хто гэтыя дзяўчаты? ФОТЫ

Дзяўчаты, якія ездзілі з Лукашэнкам у ААЭ дзесяць гадоў таму — хто яны?

Каментары да артыкула