БЕЛ Ł РУС

Палітзняволеную, якую судзілі з братам Латушкі, не выпусцілі па заканчэнні тэрміну. Завялі новую крыміналку

1.09.2025 / 15:56

Вера Белацаркоўская

Некалькі дзён таму Алена Маліноўская мусіла выйсці на волю пасля амаль 4 гадоў за кратамі. Але жанчыну проста з калоніі перавезлі пад варту ў Мінск.

Алена Маліноўская. Фота: spring96.org

Алену Маліноўскую затрымалі 31 студзеня 2022 года і асудзілі ў верасні таго ж года. Жанчына праходзіла па адной справе з яшчэ двума палітзняволенымі — Ліліяй Ананян і Анатолем Латушкам, стрыечным братам палітыка Паўла Латушкі. 

Алена атрымала 4 гады калоніі па ч.2 артыкула 339 («хуліганства») і артыкуле 370 («здзек з дзяржаўных сімвалаў») Крымінальнага кодэкса. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна малявала ў пад'ездах праз трафарэты герб «Пагоня» і спаліла дзяржаўны сцяг.

Некалькі дзён таму Алена мусіла выйсці на волю, але яе так і не выпусцілі. Як расказалі «Нашай Ніве» сябры Алены, жанчыну перавезлі ў Мінск, дзе завялі на яе новую крымінальную справу, у гэты раз па артыкуле 342 — верагодна, па абвінавачванні ва ўдзеле ў пратэстах. 

Цяпер жанчына знаходзіцца пад вартай.

Чытайце таксама:

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь

Рэпрэсіі разганяюцца ці запавольваюцца? Давайце лічыць

Чым займаліся супрацоўнікі Акрэсціна да таго, як узначаліць месца катаванняў беларусаў?

Каментары да артыкула