БЕЛ Ł РУС

Дзе ж сама дэлегатка КР Карпушонак, якая абвінаваціла Латушку?

31.08.2025 / 14:25

Nashaniva.com

Пасля ўчорашняга допісу ў фэйсбуку яна не адказвае ў месенджарах.

Вольга Карпушонак. Фота: фэйсбук

Дэлегатка Каардынацыйнай рады Вольга Карпушонак учора абвінаваціла Паўла Латушку ў харасменце. Тое абвінавачанне палітык адразу абверг і ўказаў на нестыкоўкі ў словах Вольгі. Латушка таксама заявіў, што ў каманды НАУ раней былі падазрэнні наконт магчымага супрацоўніцтва жанчыны са спецслужбамі замежнай дзяржавы. Ёй прапанавалі прайсці паліграф, пасля чаго яна спыніла супрацоўніцтва з камандай НАУ.

Праз нейкі час Карпушонак напісала ў фэйсбуку, што яе сацсеткі нібыта ламаюць і больш не адказвала.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» пісаў Карпушонак у тэлеграме, але там яна маўчыць. Хоць яе акаўнт актыўны — апошні візіт быў 31 жніўня ў 12.22.

Сама дэлегатка пасля пераезду з Украіны жыла ў Польшчы. Але выглядае, што яна ўжо не там. Прынамсі відэа з абвінавачаннем Латушкі, якое Вольга выкладала ў фэйсбуку 30 жніўня, было запісана ў іншай краіне.

Скрышот відэа Карпушонак

Мяркуючы па пейзажы за спінай Вольгі, знятае яно на поўдні Іспаніі. Магчыма, у Гранадзе — там ёсць калона, падобная да той, што на кадрах Карпушонак. Расліннасць таксама падобная да таго рэгіёну. Аднак якасць відэа не надта высокая, каб сказаць дакладна.

Калона (помнік Беззаганнага зачацця) у Гранадзе. Фота: commons.wikimedia.org

Паплечніца па Каардынацыйнай Радзе Карпушонак Таццяна Мартынава выказвала версію, што Вольга цяпер не ў ЕС. Апошні раз яна бачылася з Вольгай на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве 9—10 жніўня.

Чытайце таксама:

«Яе дзеянні інспіраваныя спецслужбамі». Павел Латушка даў жывы эфір і адказаў на абвінавачванні Вольгі Карпушонак у дамаганнях

«Не веру, што гэта піша яна». Таццяна Мартынава сцвярджае, што Карпушонак таксама знікла

Пры Латушку кругласутачна знаходзіцца прылада, якая можа вылічыць яго месцазнаходжанне з дакладнасцю да метра

Латушка абвяргае абвінавачанні ў харасмэнце ад дэлегаткі КР Карпушонак

Каментары да артыкула