Баксёр Аляксандр Усік гаварыў пра траўму спіны, а сам ліха вытанцоўваў на сцэне. Узнік скандал
Сусветная баксёрская арганізацыя (WBO) запатрабавала ад славутага ўкраінскага баксёра Аляксандра Усіка да панядзелка падаць абноўленае медыцынскае заключэнне. Прычынай стаў відэаролік у сацсетках, дзе непераможны чэмпіён танчыць і гуляе ў футбол, хоць раней ягоная каманда прасіла адкласці перамовы аб абавязковым паядынку з новазеландцам Джозэфам Паркерам з-за праблем спартсмена са спінай.
Аляксандр Усік. Фота: AP/Kin Cheung
У сваім лісце камітэт WBO падкрэсліў, што пададзеная медыцынская інфармацыя павінна дакладна адлюстраваць стан здароўя чэмпіёна, прагноз і тэрміны аднаўлення. У выпадку адсутнасці патрэбных звестак арганізацыя пакіне за сабой права прыняць меры паводле рэгламента.
Аляксандр Усік 20 ліпеня стаў абсалютным чэмпіёнам свету ў цяжкай вазе, накаўтам перамогшы брытанца Даніэля Дзюбуа ў пятым раундзе. Цяпер для абароны тытулу WBO яму трэба правесці бой супраць новазеландца Джозэфа Паркера.
Каманда Усіка ў жніўні падала сертыфікаваныя дакументы з Іспаніі, дзе гаварылася пра траўму спіны і неабходнасць двух месяцаў рэабілітацыі. Усік прасіў 90-дзённую паўзу ў перамовах, і WBO гатовая было пайсці насустрач.
Але нядаўна ў сацсетках з’явілася відэа, дзе Усік танчыць, скача і круціцца, што супярэчыць ранейшым медыцынскім рэкамендацыям аб адпачынку і фізіятэрапіі. Відэа выклікала абурэнне ў лагеры Паркера.
Пакуль WBO чакае абноўленую інфармацыю, Джозэф Паркер разглядае магчымасць выйсці на рынг напрыканцы года супраць англічаніна Фабіа Уордлі.
Чытайце таксама:
Украінец Усік накаўтаваў Дзюбуа ў баі за званне абсалютнага чэмпіёна свету ў цяжкай вазе
«Пажыві ў маім доме»: Усік запрасіў Трампа ва Украіну на тыдзень