Трамп разглядае магчымасць выкарыстання для гарантый Украіне амерыканскіх ПВК
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў у межах магчымых гарантый бяспекі для Украіны задзейнічаць амерыканскія прыватныя вайсковыя кампаніі, паведамляе выданне The Telegraph са спасылкай на свае крыніцы. Іх роля магла б быць у дапамозе са стварэннем умацаванняў, будаўніцтвам баз і абаронай амерыканскага бізнэсу ва Украіне. Пры гэтым прысутнасць узброеных кантрактнікаў павінна была б стаць дадатковым фактарам стрымлівання для Расіі.
Дональд Трамп. Фота: Joe Raedle / Getty Images
Паводле задумы, такія кампаніі былі б дадаткам да дзеянняў еўрапейскіх партнёраў.
Гэту прапанову нібыта абмяркоўваюць сярод іншых мер, якія разглядаюць дзяржавы «кааліцыі рашучых» на чале з Францыяй і Вялікабрытаніяй. Выкарыстанне кантрактнікаў з ПВК дазволіла б Трампу, які ўжо абяцаў не адпраўляць амерыканскіх вайскоўцаў ва Украіну, заспакоіць страхі найбольш ізаляцыянісцкага крыла трампістаў, кажуць суразмоўцы The Telegraph.
Еўрапейскія краіны, у тым ліку Францыя і Вялікабрытанія, таксама абмяркоўваюць іншыя варыянты гарантый для Украіны: паветранае патруляванне, навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў, марскую місію ў Чорным моры. Асноўны акцэнт робіцца на тым, што галоўнай сілай стрымлівання павінна заставацца сама ўзмоцненая ўкраінская армія.
Абмяркоўваюцца таксама закупкі дадатковых амерыканскіх сістэм СПА (Patriot, NIMARS) за кошт еўрапейцаў. Некаторыя краіны прапануюць стварыць дэмілітарызаваную зону каля лініі фронту, але супольнай пазіцыі па гэтым пытанні няма, і Кіеў ужо выказаўся супраць.
Разглядаецца і магчымасць размяшчэння некалькіх тысяч еўрапейскіх вайскоўцаў у якасці «трэцяй лініі абароны», але ў меншых маштабах, чым ранейшыя ідэі пра 30 тысяч. Таксама гучыць прапанова адкрыць «беспалётную зону» для аднаўлення цывільных рэйсаў і арганізаваць патруляванне Чорнага мора пад кіраўніцтвам Турцыі.
Чытайце таксама:
Ярмак у ЗША: Пасадзіце Расію за стол перамоваў — і Украіна пераможа
ЗША прададуць Украіне 3350 дальнабойных ракет ERAM
Еўрапейскія лідары абмяркоўваюць стварэнне 40-кіламетровай буфернай зоны на тэрыторыі Украіны
У Расіі адкінулі еўрапейскія прапановы адносна гарантый Украіне