Дзіцячы садок у Талачынскім раёне закрываць не будуць. Бацькі звярталіся да Лукашэнкі, і ён іх вырашыў пачуць
У ліпені стала вядома, што жыхары аграгарадка Гаршчэўшчына Талачынскага раёна звярнуліся праз тыкток да Лукашэнкі з просьбай не закрываць іх дзіцячы садок, хоць там вельмі мала выхаванцаў. Праз нейкі час ролік з тыктока знік і здавалася, што справа безнадзейная. Але ўрэшце Лукашэнка вырашыў людзей пачуць, піша БелТА.
Скрыншот з відэа звароту бацькоў дзяцей да Лукашэнкі
Паведамляецца, што Аляксандр Лукашэнка асабіста звярнуў увагу на гэтую сітуацыю. На адной з нарад ён прывёў прыклад з гэтым выпадкам, падкрэсліўшы, што падвоз школьнікаў можа быць мэтазгодным, але трох— ці чатырохгадовых дзяцей вазіць за 7—10 кіламетраў — бессэнсоўна і нават небяспечна. Прытым нагадаў, што, маўляў, на вёсцы важна ўлічваць не толькі эканоміку, але і інтарэсы людзей.
Чыноўнікі пасля гэтага выказвання змянілі ранейшую пазіцыю. Пасля дадатковага разгляду пытання было прынята канчатковае рашэнне: дзіцячы сад у Гаршчэўшчыне захаваць. Як заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, у такіх выпадках трэба рабіць выключэнні.
Субоцін заявіў, што хаця з гэтай вёскі 21 дзіця школьнага ўзросту ўжо возяць у суседнюю школу, дзіцячы садок усё ж такі будзе працаваць у самім аграгарадку.