БЕЛ Ł РУС

Анатоль Котаў ужо выязджаў у Турцыю і лічыў яе бяспечнай — крыніцы

26.08.2025 / 14:25

Nashaniva.com

Як стала вядома «Нашай Ніве», зніклы ў Турцыі Анатоль Котаў пасля эміграцыі бываў у Турцыі і вяртаўся без праблем.

Анатоль Котаў. Фота: «Радыё Свабода»

Паездкі былі ў 2025 годзе.

«Па лініі работніка івэнт-індустрыі Котаў ездзіў у Турцыю. Гэта танная цёплая краіна, куды зручна звозіць работнікаў кампаній па Еўропе. Іншымі словамі, папулярная для карпаратываў. І туды лёгка і бязвізава дабірацца работнікам з Расіі ці Беларусі, калі такія ёсць. Котаў арганізоўваў там мерапрыемствы, часам яго пазнавалі», — сказаў «Нашай Ніве» інфармаваны суразмоўца.

Анатоль Котаў перастаў выходзіць на сувязь у чацвер, 21 жніўня. З Турцыі ён не вярнуўся ў Польшчу самалётам у нядзелю, 24 жніўня, як тое было запланавана.

Сябры Котава ўжо падалі заяву аб знікненні чалавека ў польскія і турэцкія органы.

Котаў — былы беларускі чыноўнік сярэдняй рукі. Па стане на 2020 год ён быў намеснікам начальніка аднаго з аддзелаў у Кіраўніцтве спраў Лукашэнкі. Не пагадзіўшыся з палітыкай Лукашэнкі, ён звольніўся адтуль і выехаў у Польшчу. З Паўлам Латушкам, з якім яны былі раней знаёмы, Котаў стаў працаваць у НАУ. Але пасля разышліся.

Котаў жа ў 2021-м знайшоў новых саюзнікаў і стаў адным з арганізатараў Форума дэмакратычных сіл — разам з Валерыем Цапкалам, Вольгай Карач і іншымі дзеячамі.

У Варшаве Котаў працуе ў івэнт-агенцтве Terra Group.

У Беларусі ён завочна асуджаны да 12 гадоў. 

Чытайце таксама:

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Каментары да артыкула