Выйшла The Belarusian Cookbook — найбольш поўнае выданне пра беларускую кухню па-англійску
Канадскае выдавецтва Grunwald прэзентавала другое выданне кнігі The Belarusian Cookbook вядомага знаўца гістарычнай кухні Алеся Белага. Гэта ўнікальная праца, якая распавядае пра кулінарную гісторыю Беларусі праз больш чым 200 рэцэптаў і дзясяткі архіўных і сучасных фотаздымкаў.
Другое выданне The Belarusian Cookbook. Фота: Grunwald
Першае выданне The Belarusian Cookbook (Беларускай кулінарнай кнігі) выйшла ў Нью-Ёрку ў 2008 годзе. Новая ж кніга значна пашыраная і дапрацаваная: калі першае выданне налічвала 247 старонак, то другое — ужо 408. На іх, акрамя больш як двух соцень рэцэптаў, змешчана звыш 50 фотаздымкаў і адмысловыя каментары, што дапамагаюць адаптаваць традыцыйныя стравы да сучаснай кухні.
Кулінарная гісторыя Беларусі ў адным томе
Артыкул пра бабку ў другім выданні The Belarusian Cookbook. Фота: Grunwald
Кніга прапануе культурнае і гістарычнае падарожжа праз кухню Беларусі. Тут можна знайсці як простыя стравы сялян, так і вытанчаныя стравы са шляхецкага стала. Побач ідуць рэцэпты, перададзеныя ў вуснай традыцыі, і тыя, што ўзятыя з рэдкіх кулінарных выданняў, у тым ліку з вядомай «Літоўскай кухаркі» XIX стагоддзя.
Рэцэпты ў другім выданні The Belarusian Cookbook. Фота: Grunwald
Чытач убачыць, як на беларускую кухню ўплывалі яўрэйскія, татарскія, літоўскія, польскія і расійскія традыцыі, якія разам сфармавалі мясцовыя кулінарныя звычаі. Многія рэцэпты ўпершыню падаюцца па-англійску і адаптаваныя для сучаснага чытача.
Новае выданне ўжо можна замовіць непасрэдна на сайце Grunwald. У хуткім часе кніга з’явіцца і на Amazon — у Канадзе, ЗША, а таксама ў Еўропе.
Чытайце таксама:
Дудзінскі выдае свой першы раман з інтрыгоўным сюжэтам
Вялікая віленская сага выходзіць па-беларуску
Ці можна вярнуць разбуранае 100 год таму? Дубавец — пра «Дом» Горвата