У літоўскую пракуратуру нехта даслаў фэйкавы ліст ад імя Сяргея Ціханоўскага
Гэта быў электронны зварот са сцверджаннем, што літоўскі дэпутат абражае беларускіх палітыкаў. Але высветлілася, што ліст быў падробленым, піша LRT.
Сяргей Ціханоўскі ў Варшаве 9 жніўня 2025 года. Фота: Look by Media
У фэйкавым лісце нехта ад імя Сяргея Ціханоўскага выступіў з патрабаваннем расследаваць дзейнасць літоўскага дэпутата Вітаўтаса Сініцы. Прычынай нібыта сталі яго абразы Святланы і Сяргея Ціханоўскіх.
Пракуратура спачатку не заўважыла падробкі, але прапанову расследаваць справу не падтрымала. Не падтрымала яе і Камісія па этыцы і працэдурах.
Сябра фракцыі «Ліберальны рух» Армінас Лідэка заявіў LRT, што не сумняваўся ў сапраўднасці дакумента, тым больш што яго перадала парламентарыям пракуратура. Паводле яго, зварот выглядаў як звычайны электронны ліст. Дакумент не разгледзелі проста таму, што ён быў напісаны рускай мовай.
Офіс Ціханоўскай пацвердзіў журналістам LRT, што дакумент — падробка. Дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі заўважыў, што яны не выступаюць супраць літоўскага дэпутата, які іх крытыкуе.
«Сяргей паступова пачне размаўляць па-літоўску. Ён не мае права мяняць палітыку Літвы, ён паважае законы, ён не збіраецца пісаць такія лісты. Літва — дэмакратыя, у кожнага ёсць права на свабоду слова, яе палітыкі — асабістая справа Літвы. Гэта нармальна», — сказаў ён.
Дэпутат Вітаўтас Сініца прапаноўваў ануляваць акрэдытацыю Офіса Ціханоўскай у Літве. Ён быў намеснікам старшыні партыі «Нацыянальнае аб’яднанне», заставаўся адзіным прадстаўніком партыі ў Сейме, атрымаўшы мандат у аднамандатнай акрузе. Нядаўна яго выключылі з партыі.
Чытайце таксама:
Літоўская партыя выключыла са сваіх шэрагаў дэпутата, які заклікаў прагнаць з Літвы Офіс Ціханоўскай
Некалькі дзясяткаў чалавек пратэставалі ў Вільні супраць Офіса Ціханоўскай
Літоўскі дэпутат паскардзіўся ў пракуратуру на Сяргея Ціханоўскага