Украінцы паведамілі пра вызваленне чатырох сёл на Данеччыне
Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны паведаміла, што разам з падраздзяленнямі Трэцяй штурмавой брыгады вызваліла сяло Новаміхайлаўка ў Данецкай вобласці, на Ліманскім напрамку, піша «Украінская праўда».
Новаміхайлаўка на Ліманскім кірунку. Фота: Deepstatemap
Аперацыю правялі сілы Дэпартамента актыўных дзеянняў ГУР, у тым ліку спецпадраздзяленне «Артан», а таксама 2-гі штурмавы батальён Трэцяй штурмавой брыгады. Украінскія вайскоўцы нечакана для ворага выбілі з населенага пункта расійскія войскі і вярнулі над ім кантроль.
Паводле перахопленай інфармацыі, аперацыя стала для акупантаў поўнай нечаканасцю: праціўнік страціў каля роты асабовага складу і быў вымушаны перакідаць рэзервы з іншых участкаў фронту.
Дзякуючы ўзгодненым дзеянням разведкі, штурмавікоў, выкарыстанню цяжкай тэхнікі і беспілотнікаў украінскія сілы палепшылі сваё тактычнае становішча і ўзмацнілі абарону на гэтым напрамку.
На гэты момант, як паведамляецца, Новаміхайлаўка цалкам ачышчаная ад расійскіх войскаў і знаходзіцца пад поўным кантролем украінскай арміі. Над сялом зноў узняты дзяржаўныя сцягі.
ГУР таксама апублікавала відэазапіс аперацыі.
Раней 24 жніўня галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі паведаміў пра вызваленне яшчэ некалькіх населеных пунктаў на Данеччыне — сёлаў Зялёны Гай, Міхайлаўка і Уладзіміраўка.
Чытайце таксама:
«Пояс крэпасцяў» на Данбасе: чаму ён важны для Украіны
Расійскія вайскоўцы пад Дабраполлем цяпер самі апынуліся пад пагрозай акружэння
Генштаб УСУ паведаміў пра поспехі ў раёне Дабраполля, дзе войскі РФ ажыццявілі прарыў