БЕЛ Ł РУС

Вольга Лойка: Лукашэнка вельмі моцна баіцца Пуціна

24.08.2025 / 10:27

Nashaniva.com

У новым аналітычным выпуску ТОКу эканамічная аглядальніца Вольга Лойка разважае пра панічны страх Лукашэнкі перад Пуціным і яго жаданне атрымаць міжнародныя гарантыі бяспекі для краіны.

«Пасля інтэрв'ю з Шустэрам, у мяне засталося ўстойлівае адчуванне, <…> што Лукашэнка баіцца Пуціна», — падзялілася Вольга Лойка.

«Калі ты глядзіш пра тое, што ты так добра ведаеш, ты адзначаеш нейкія такія дробныя зусім рэчы, на якія, магчыма, не звярнуў бы ўвагі, калі б сачыў за сюжэтам», — тлумачыць аглядальніца.

Аналізуючы інтэрв'ю, Лойка адзначае, што Лукашэнка гаварыў пра Пуціна «з прыдыханнем, абсалютна шчырым»:

«Ну, хлопцы, ну гэта наогул не я. Ну вы разумееце, што, ну вось Пуцін сказаў: «Выводзь вось так». А я што мог? Гэта вы ў яго з Зяленскім пытайцеся», — цытуе аглядальніца рыторыку палітыка.

Па яе меркаванні, за гэтымі словамі хаваецца панічны страх:

«Мне здавалася, што ён зараз устане і скажа: «Слухай, забяры мяне адсюль. Таму што, рэальна, ён псіхічны. І калі ён вырашыць з гэтых вучэнняў выходзіць праз Варшаву ці праз Вільню, ці на Берлін папрэ, мужыкі, я нічога не змагу зрабіць. Вы ж бачыце, як ён з намі з усімі абыходзіцца».

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы на расійскім востраве Валаам 1 жніўня 2025 года. Скрыншот відэа

На заўвагу Насты Роўды, што Лукашэнка ўсімі спосабамі публічна абараняе і апраўдвае дзеянні Пуціна, Лойка адказала, што гэта з'яўляецца праяўленнем стакгольмскага сіндрому. На яе думку, за гэтай абаронай хаваецца спроба паказаць сваю ўласную ўразлівасць і залежнасць:

«Хлопцы, вы ўяўляеце, што ён са мной зробіць? Мы з ім, між іншым, сам-насам у гэтым бункеры. Мне страшна. Ратуйце мяне тэрмінова хто-небудзь. Я апынуўся з ім у адной лодцы і ў вельмі непрыемнай сітуацыі».

Вольга Лойка выказвае ўпэўненасць, што Лукашэнка баіцца не столькі ваеннага ўварвання з боку Расіі, колькі «вельмі мірнай анексіі», якая зробіць страту незалежнасці незваротнай, і хацеў бы атрымаць гарантыі бяспекі ад такога сцэнарыя:

«Зараз абмяркоўваецца, прычым дастаткова актыўна, калі будзе размова пра гарантыі бяспекі Украіне, ці трэба там прапісаць гарантыі бяспекі Беларусі і ў якім выглядзе? І быццам выглядае, што трэба, каб усё ж адбіць жаданне ў Пуціна прэтэндаваць на Беларусь.

Але з іншага боку, гэта ж абарона ад нападу. А Лукашэнка баіцца не нападу, а вельмі мірнай анексіі — рэферэндум ці яшчэ нешта вельмі падобнае, дзе ўсе большасцю галасоў, цалкам дэмакратычным шляхам, дружна ідуць у Расію. <…>

Я думаю, што яго гэта вельмі моцна турбуе. Гарантыі бяспекі ён бы хацеў, і гарантыі бяспекі ў тым ліку ад вось такіх мірных паглынанняў таксама».

Па меркаванні аглядальніцы, для Лукашэнкі важная суб'ектнасць Беларусі, захаванне яе незалежнасці. І ў гэтым «адна з вельмі нешматлікіх кропак, дзе нашы інтарэсы з інтарэсамі рэжыму, увогуле, супадаюць».

Чытайце таксама:

Лукашэнка просіць выратаваць яго ад Пуціна — меркаванне Чалага

Памёр Кларк Улафсан — герой гісторыі, якая дала свету паняцце «стакгольмскі сіндром»

«Беларусіянізм — гучыць прыгожа». Вольга Лойка прапанавала сваю нацыянальную ідэю

Каментары да артыкула