Лявончык пра ўцечку «Байхэлп»: Гэта не было пытанне ўзлому нашай базы. Гэта быў чалавечы фактар
Нядаўна стала вядома, што летам 2024 года ў фондзе «Байхэлп» здарылася праблема з бяспекай. Затрымалі аднаго з валанцёраў, у якога была адчувальная інфармацыя. Кіраўнік «Байхэлп» Аляксей Лявончык у інтэрв'ю «Нашай Ніве» пракаментаваў той інцыдэнт.
На канфедэнцыі «Новая Беларусь», 2024 год. Фота: «Наша Ніва»
«Наша Ніва»: З нядаўняй справаздачы Нарвежскага Хельсінскага камітэта стала вядома, што летам 2024 года ў «Байхэлп» здарылася праблема з бяспекай. Затрымалі аднаго з валанцёраў, у якога была адчувальная інфармацыя. Чаму такая памылка здарылася?
Аляксей Лявончык: Гэта не было пытанне ўзлому нашай базы.
Гэта быў чалавечы фактар, які, на жаль, мы не можам цалкам прадухіліць. Калі ты даеш камусьці інфармацыю ў рукі, з рознымі мэтамі — ацаніць кейс, аплаціць кейс, — гэта інфармацыя тэарэтычна можа недзе захавацца. Ёсць, канечне, пратаколы паводзінаў: не спампоўваць інфармацыю з базаў, не захоўваць і гэтак далей. І збольшага ў нас гэта працуе. Але чалавечы фактар ёсць чалавечы фактар, людзі могуць забыцца, што ў іх на тэлефоне нешта ёсць. Таму здарылася як здарылася.
Адзінае што, як вы бачыце, супраць атрымальнікаў нашай дапамогі крымінальнай справы не было. Гэта таксама дзякуючы пратаколам. Для нас асноўным крытэрыем усё ж такі з'яўляецца, колькі людзей фактычна трапіла ў турму за атрыманне нашай дапамогі. Былі ператрусы, былі адміністрацыйныя справы, але крымінальных — нуль.
Але думаць, што ты можаш цалкам прадказаць небяспеку і ўнікнуць яе — гэта глупства. Наша задача — мінімізаваць рызыкі. Мы знаходзімся ў стане гібрыднай вайны. У мяне такое адчуванне, што вельмі шмат людзей, якія выехалі, забыліся, з чым мы маем справу ўнутры краіны. Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры.
«НН»: На атрымальнікаў дапамогі крыміналак няма, але асудзілі трох чалавек, якіх абвінавацілі ў тым, што яны былі кур'ерамі «Байхэлп». За гэта павінна несці арганізацыя адказнасць?
АЛ: Па гэтых людзях я не магу каментаваць.
Але калі гіпатэтычна казаць, ці нясе арганізацыя адказнасць за затрыманых супрацоўнікаў — так, безумоўна, нясе, бо гэтыя людзі даверыліся нам, яны пайшлі да нас працаваць. Глядзіце, я ж не кажу, што мы не нясем адказнасць за атрымальнікаў дапамогі. Мы нясем — мы забяспечваем максімальную бяспеку, да той ступені, да якой гэта магчыма, і даем інструменты, як выбрацца з небяспекі, калі такая з'явіцца.
Мы нясем адказнасць, але не можам казаць, што ніхто не сядзе. Таму што, яшчэ раз кажу, ідзе вайна, супраць нас працуе паўнавартасны апарат рэпрэсій, які добра аплачваецца. І супраць яго з нашага боку знаходзіцца некалькі арганізацый, якія мусілі ўсяму экспрэсна навучыцца за некалькі гадоў.
Мы стараемся вывозіць нашых актывістаў з небяспекі, як толькі такая ўзнікае. І як толькі здараюцца правалы ў бяспецы, мы праводзім працу над памылкамі. Натуральна, я як кіраўнік фонду нясу адказнасць за ўсё, што адбываецца. Калі да нас прыходзяць працаваць людзі ўнутры Беларусі, мы заўсёды тлумачым ім нават у куды больш жорсткіх тэрмінах, што можа адбыцца. Мы не кажам, што гэта будзе палёт на ружовых сланах — мы кажам, што гэта можа быць 10 гадоў калоніі, у залежнасці ад таго, што вам прышыюць, нафіга вам гэта прыгода на вашу дупу. Вось рэальна, я размаўляю ў такім вось рэчышчы.
«НН»: У справаздачы згадвалася, што пасля гэтай праблемы з бяспекай не былі папярэджаны ні валанцёры, якія з вамі працавалі, ні атрымальнікі дапамогі. Чаму?
АЛ: Гэта хлусня. Тая справаздача абапіралася на заявы некалькіх чалавек з арганізацый, якія супрацоўнічалі па датычнай з «Байхэлп». Людзі, якія фігуравалі ў артыкуле «Еўрарадыё» як валанцёры «Байхэлп», не былі нашымі валанцёрамі і блізка. Гэта знешнія ацэнкі. Гэта першае.
Другое — нідзе не было прапісана, што мы абавязаныя папярэджваць усіх навокал, калі ў нас здараецца пэўны інцыдэнт.
Валанцёры ў нашай арганізацыі і супрацоўнікі былі папярэджаныя ў той самы момант, як пра гэта стала вядома. Партнёрскія арганізацыі мы не інфармуем, пакуль мы не зразумеем, што ёсць вялікае перасячэнне, каб закранула іх.
Але паколькі іх мэтавая аўдыторыя — гэта наша мэтавая аўдыторыя, мы самая вялікая арганізацыя, якая аказвае гэтую дапамогу ўнутры краіны, то мы папярэджваем нашых валанцёраў, уключаем пэўны пратакол, што трэба казаць пацярпелым у выпадку, калі адбываецца нейкая ўцечка.
Больш за тое, нас, напрыклад, ніхто не папярэджвае аб нейкіх праблемах з бяспекай у іншых арганізацыях у сектары.
То-бок наша першая задача — засцерагчы падапечных, другая — засцерагчы нашых валанцёраў. Гэта было зроблена. І яшчэ адзін момант — мы ўсё ж папярэдзілі нашых двух партнёраў, калі стала вядома, што гэта сапраўды арышт і што за наступствы ён цягне. Калі яны сцвярджаюць іначай, у мяне нават перапіска ёсць.
Чытайце цалкам: «Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў
***
Што за інцыдэнт быў? Як пісала «Еўрарадыё», у жніўні 2024 года ў Беларусі сілавікі затрымалі валанцёра «Байхэлпа», які займаўся размеркаваннем дапамогі сярод вызваленых палітвязняў і іх сем’яў. На яго камп’ютары яны знайшлі ўсю інфармацыю пра атрымальнікаў дапамогі.
Сілавікі, атрымаўшы з камп’ютара базу даных, з кастрычніка па снежань нібыта правялі вобшукі і допыты ў больш як 50 чалавек, што атрымалі дапамогу. Гэта былі пераважна экс-палітвязні і іх сваякі. Людзей прымусілі вяртаць атрыманыя грошы і плаціць дадатковы штраф. Усе яны праходзілі па адміністрацыйных артыкулах.
Па крымінальнай справе асудзілі трох чалавек, якіх абвінавацілі як кур'ераў (Любоў Драгель, Аляксандр Якушкоў і Яўген Бойка).
Чытайце таксама:
Лявончык: На 18 тысяч тых, хто атрымаў дапамогу, было тры крымінальныя справы
Лявончык: У пошуках Мельнікавай прысылаюць шмат фальшывых звестак