БЕЛ Ł РУС

У камітэта па здароўі Мінска з'явіўся новы кіраўнік. Папярэдняга затрымалі, але ўлады пра гэта маўчаць

22.08.2025 / 15:56

Nashaniva.com

Ігара Юркевіча замяніў былы першы намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбіч. Але пра звальненне папярэдняга кіраўніка камітэта афіцыйна не паведамлялася. Ён нібыта растварыўся.

Юрый Горбіч. Фота: «Мінск-Навіны»

Былы першы намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбіч узначаліў камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Сёння яго прадставілі работнікам камітэта.

Цікава, што ў паведамленні «Мінск-Навіны» пра прызначэнне Горбіча няма ні слова пра ягонага папярэдніка Ігара Юркевіча, пра звальненне якога ніхто не паведамляў. У артыкуле ўвогуле няма інфармацыі пра тое, хто ўзначальваў камітэт перад Горбічам. Ёсць толькі актыўная спасылка на старую навіну пра прызначэнне Юркевіча кіраўніком камітэта.

«Наша Ніва» пісала, што Юркевіча затрымалі ў канцы мая. Яго арыштавалі пры атрыманні хабару і адправілі ў СІЗА. Пры гэтым ні сілавікі, ні чыноўнікі пра справу супраць высокапастаўленага чыноўніка не паведамлялі. 

Ігар Юркевіч. Фота: Minsknews.by

Юркевіч лічыўся перспектыўным чыноўнікам, многія ў галіне бачылі яго будучым міністрам аховы здароўя. Але кар'ерны ўзлёт перапыніла сакрэтная карупцыйная справа.

Чытайце таксама:

Арыштаваны чыноўнік, які мог стаць наступным міністрам аховы здароўя

Каментары да артыкула