БЕЛ Ł РУС

«Корж ультануў». А чаму ўльтануў?

18.08.2025 / 20:28

Сяргей Гезгала

Словы «ўльта» ці «ультануць» прыйшлі ў мову са слэнгу камп'ютарных гульняў. Але набылі новыя адценні сэнсу.

Макс Корж, 2020 год. Архіўнае фота

«Корж ультануў» — такімі словамі ў адным з чатаў чалавек суправадзіў перапост запісу Макса Каржа пра тое, што «на канцэртах няма месца радыкальнаму нацыяналізму, агрэсіі і гвалту». Людзі зразумелі іронію.

«Корж ультануў дзве хвіліны таму». Скрыншот з чата

Ультануць — значыць паказаць максімум сваіх магчымасцяў; здзівіць; зрабіць нешта магутнае і нечаканае; пайсці з казыроў — часам у іранічным сэнсе, як у выпадку з пастом Каржа, а часам і не.

«Мелказёраў ультануў у канцы» — пісаў каментатар на сайце «Нашай Нівы» пра гутарку ў «Жыцці-маліне» з Сяргеем Ціханоўскім.

«Я паспела! Не ведала, ці паспею з артам, але вось, ультанула» — піша чалавек у твітары пра свой новы малюнак у стылі манга.

Слова «ультануць» пайшло ад англійскага тэрміна ultimate skills — суперсіла; гранічныя, выключныя здольнасці.

Гэтая суперсіла наносіць праціўніку значна большую шкоду, чым звычайныя здольнасці. Напрыклад, гэта здатнасць правесці асаблівую атаку, якая стане для праціўніка нечаканасцю і знішчыць яго ці адбярэ ў яго амаль усю энергію (або не стане, калі праціўнік дасведчаны і хітры).

Доўгае словазлучэнне ultimate skills у геймерскім асяроддзі ператварылася ў «ульту́». А ад назоўніка «ульта́» ўтварыўся дзеяслоў «ультану́ць», які ад пачатку азначае ўжыванне суперсілы ў нечаканы момант.

Так што ультуйце, рабіце немагчымае, рабіце, як не робіць ніхто — і тады пераможаце. Ці прынамсі заробіце грошай, як Корж.

Чытайце таксама:

«На канцэртах няма месца радыкальнаму нацыяналізму, агрэсіі і гвалту». Макс Корж выказаўся наконт скандалу, які разгарэўся пасля яго выступу ў Варшаве

Пазняк жорстка выказаўся пра Каржа: Антыэстэтычнае, антымастацкае шарлатанства, разлічанае на дэгенератыўнае ўспрыняцце

«Усходні гігант», а сцэны на канцэрце — «вартыя Дантэ». Як уплывовае польскае выданне расказала пра Макса Каржа палякам

«Наколькі наша бурбалка з пагардай ставіцца да звычайных беларусаў». У фэйсбуку спрачаюцца пра Макса Каржа

«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ

Каментары да артыкула