Джэй Дзі Вэнс зноў будзе прысутнічаць пры размове Трампа з Зяленскім. Ці надзене Зяленскі гальштук?
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс возьме ўдзел у перамовах Трампа і Зяленскага ўвечары 18 жніўня, паведамляе выданне ABC.
Уладзімір Зяленскі, Дональд Трамп і Джэй Дзі Вэнс падчас сустрэчы ў Белым доме ў лютым 2025 года. Фота: Getty Image
The New York Times са спасылкай на еўрапейскага чыноўніка адзначаў, што саюзнікі Украіны асцерагаюцца паўтарэння сітуацыі, калі ў лютым адбылася сварка паміж Зяленскім і Трампам падчас сустрэчы ў Белым доме. Тады на сустрэчы ў Авальным кабінеце таксама прысутнічаў Джэй Дзі Вэнс, і менавіта ягоныя рэплікі і рэакцыя на іх Зяленскага сталі падставай для наступнага канфлікту.
Сённяшняя размова павінна пачацца ў 20:15 па мінскім часе. У 22:00 павінна пачацца пашыраная сустрэча з удзелам еўрапейскіх лідараў.
Паводле інфармацыі выдання Axios, перад сустрэчай у Белым доме амерыканскія чыноўнікі цікавіліся ў прадстаўнікоў Украіны, ці прыйдзе гэтым разам Уладзімір Зяленскі ў Белы дом у класічным касцюме.
Інфарматары выдання лічаць, што прэзідэнт Украіны з’явіцца на сустрэчу з Трампам у тым самым чорным пінжаку, у якім быў на саміце НАТА ў Нідэрландах у чэрвені. Гэта надае выгляд, блізкі да касцюма, але ўсё ж ён не зусім афіцыйны.
Некаторыя дарадцы Трампа адзначалі, што было б сімвалічным «знакам для міру», калі б Зяленскі прыйшоў у касцюме ці нават у гальштуку. Але яны адразу ж дадалі, што не разлічваюць на гэта. Крыніцы пацвярджаюць, што ў панядзелак Зяленскі гальштук не надзене.
Паводле тых жа крыніц, віцэ-прэзідэнт Вэнс быў нават больш незадаволены, чым Трамп, вонкавым выглядам і паводзінамі Зяленскага падчас папярэдняй сустрэчы. Само пытанне з гальштукам узнікла ўпершыню як своеасаблівая «дачэпка» Вэнса.
Чытайце таксама:
Трамп ледзь не сарваў перамовы на Алясцы праз нязгоду з Пуціным па Данбасе
Ціханоўская: Любыя перамовы павінны ўлічваць, што на карту пастаўлена будучыня Беларусі
Стала вядома, калі сёння адбудзецца сустрэча Трампа, Зяленскага і лідараў ЕС
Зяленскі прыбыў у Вашынгтон і зрабіў заяву
«Калі захоча, Зяленскі можа амаль імгненна скончыць вайну з Расіяй» — Трамп напісаў новы допіс