Беларусь атрымала ад Расіі чарговую партыю самалётаў-знішчальнікаў
Напярэдадні вучэнняў «Захад-2025» Беларусь атрымала з Расіі чарговую партыю знішчальнікаў Су-30СМ2 для сваіх паветраных сіл. Як паведамілі ў Міністэрстве абароны, гэтыя самалёты могуць выкарыстоўваць розныя тыпы ракет — як «паветра-паветра», так і «паветра-зямля».
Начальнік штаба і першы намеснік начальніка авіяцыі ВПС і войскаў СПА Андрэй Рачкоў адзначыў, што мадэрнізаваная версія мае ў тры разы большую далёкасць выяўлення мэт, абноўленую авіёніку і навігацыйныя сістэмы, здольныя працаваць аўтаномна, а таксама пашыраныя магчымасці па прымяненні як кіраваных, так і некіраваных ракет і бомбаў.
Першую партыю Су-30СМ2 Беларусь атрымала ў маі 2025 года. Колькасць самалётаў у цяперашняй пастаўцы Рачкоў не назваў, але на фотаздымках прэс-службы Мінабароны бачна як мінімум два знішчальнікі.
Фота: Міністэрства абароны
Пасля ўвядзення санкцый супраць Расіі вытворчасць Су-30СМ2 вядзецца толькі з айчынных матэрыялаў і дэталяў. У Беларусь перадаюцца менавіта такія машыны, вырабленыя на Іркуцкім авіяцыйным заводзе.
Чытайце таксама:
Германія перад вучэннямі «Захад-2025» перакідае свае знішчальнікі ў Польшчу
Прэзідэнта Інданезіі магло прывесці ў Беларусь жаданне набыць зброю
У Літве расказалі, чаму не збівалі дрон, які заляцеў да іх з Беларусі