БЕЛ Ł РУС

Лінгвістка і былая палітзняволеная Наталля Дуліна распавяла, як праходзіць яе адаптацыя пасля вызвалення

9.08.2025 / 21:20

Nashaniva.com

9 жніўня Наталля Дуліна першы раз пасля вызвалення наведала штогадовую канферэнцыю «Новай Беларусі».

Панэльная дыскусія «Як мы змяніліся за 5 гадоў» 9 жніўня 2025 года ў Варшаве. Фота: Look BY Media

У калідорах Варшаўскага ўніверсітэта, дзе адбывалася дыскусія, Наталля Дуліна падзялілася з «Нашай Нівай», што ўражанне ад свайго першага пасля вызвалення вялікага мерапрыемства мае добрае.

«Мне асабліва гэта карысна, таму што я правалілася ў гэтую часавую дзірку, зараз я нанова гэта пражываю, пры чым пражываю ў зусім іншым фармаце і іншым асяроддзі», — сказала яна.

Зараз лінгвістка адаптуецца да жыцця ў Вільні і кажа, што адчувае сябе нармальна. Бліжэйшым часам яна плануе лячыць зубы і дыстанцыйна выкладаць. 

«Калі я выйшла, у мяне быў моцны шок праз тое, як гэта атрымалася. Але літаральна праз пару дзён я прыйшла ў сябе. Па-першае, гэта звязана з тым што нас сустрэлі людзі, арганізацыі беларускія, якія нас проста ўзялі на рукі і панеслі. Усе неабходныя рэчы — нас усім забяспечылі», — кажа яна. 

Шок ад нечаканага вызвалення ёй дапамагло перажыць і тое, што сваякі ў Беларусі сказалі ёй, што ім цяпер за яе спакойна.

«Я вельмі рада, што ім нарэшце не трэба кожны дзень трапаць нервы і што яны сапраўды шчаслівы, што я цяпер у бяспецы. Я калі гэта пачула, я зразумела, што ў гэтым ёсць плюс. Калі я магу гэтым іх пазбавіць ад дрэнных думак, ад нерватропкі, ад трывожнасці — гэта ўжо вельмі добра». 

Арганізатары канферэнцыі «Новая Беларусь» паведамілі, што ў першы дзень мерапрыемства сабрала больш за 420 чалавек, сярод іх — каля 50 замежных дыпламатаў і 70 журналістаў з розных краін. 

Першую панэльную дыскусію прысвяцілі меркаванню журналістаў, экспертаў і палітзняволеных аб тым, «як мы змяніліся за 5 гадоў». Менавіта на ёй і выступіла Дуліна.

«Свабода канчаецца там, дзе пачынаецца страх», — сказала яна падчас сваёй прамовы.

Чытайце таксама:

Усе грошы экс-палітзняволенай Наталлі Дулінай сабралі за лічаныя гадзіны

Дуліна супраць зняцця санкцый: Гэта як дамаўляцца з людажэрам, каб ён больш не еў людзей

Былая выкладчыца МДЛУ Наталля Дуліна веганка. Як яна харчавалася ў калоніі?

«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!» Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі

Каментары да артыкула