Прадалі сядзібу Хлюдзінскіх у Шумілінскім раёне
На электронных таргах камітэта «Віцебскаблмаёмасць» прадалі недабудаваны аб’ект у вёсцы Лескавічы Шумілінскага раёна за 5 355 рублёў — крыху больш, чым была стартавая цана. Купец быў адзіным удзельнікам таргоў, піша «Витебский курьер».
Руіны адной з вуглавых вежаў сядзібы Хлюдзінскіх у Лескавічах. Фота: hawat.by
Гэтая пабудова вядомая як сядзіба Хлюдзінскіх. Яе пачалі ўзводзіць на пачатку ХХ стагоддзя паводле праекта брытанскага архітэктара Макея Х’ю Бэйлі Скота, аднаго з вядучых прадстаўнікоў руху «Мастацтва і рамёствы». Сям’я Хлюдзінскіх заказала праект асабіста ў яго — рэдкая з’ява для таго часу, што падкрэслівае высокі статус роду і цікавасць яго прадстаўнікоў да еўрапейскай культуры.
Скляпенні сядзібы Хлюдзінскіх у Лескавічах. Фота: hawat.by
Дом у стылі, блізкім да замка, пачалі будаваць на ўзвышшы з выглядам на возера Лескавічы, але Першая сусветная вайна і наступныя падзеі спынілі работы. Сёння ад яго засталіся толькі падмурак і частка муроў з цэглы і прыроднага каменю.
Сцяна сядзібы, выкладзеная падабранымі і абчасанымі пад памеры цэглы камянямі. Фота: hawat.by
Аб’ект знаходзіцца ў водаахоўнай зоне, таму яго далейшае выкарыстанне абмежаванае. Новы ўладальнік атрымае зямельны ўчастак плошчай 0,169 гектара ў арэнду на 99 гадоў і зможа выкарыстоўваць яго толькі для стварэння турыстычнага аб’екта.
Руіны адной з вуглавых вежаў сядзібы Хлюдзінскіх у Лескавічах. Фота: hawat.by
Сядзіба звязаная з іменем Уладзіслава Хлюдзінскага — значнай постаці ў гісторыі Лескавічаў. Да продажу яна была на балансе Светласельскага сельсавета, а атрыманыя грошы паступяць у бюджэт раёна.
Што будзе з гэтымі «рамантычнымі руінамі» далей, залежыць ад планаў новага ўладальніка.
Чытайце таксама:
На Віцебшчыне прадаюць унікальную сядзібу, па праект якой гаспадары ездзілі ў далёкую Брытанію
«Байсол» выставіць на аўкцыён лімітаваную серыю гадзіннікаў
На аўкцыёне ў Францыі прадалі ношаную шкарпэтку Майкла Джэксана