Латушка: У дэмсілаў ёсць план па днях на выпадак, калі прыйдзецца браць уладу ў свае рукі
Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што не перашкаджала б дэмсілам мець план пакрокавых дзеянняў. На той выпадак, калі раптам «заўтра» давядзецца браць уладу ў свае рукі, піша «Люстэрка».
Павел Латушка і Аляксандр Мілінкевіч падчас канферэнцыі «Новая Беларусь». Фота: Look by Media
— Нам трэба мець план [на той час, які будзе] пасля Лукашэнкі. Без такога мы наробім столькі памылак і яшчэ перасварымся. А Пуцін будзе змагацца за Беларусь не менш, чым за Украіну. Таму што калі ў яго «рускім свеце» не будзе Беларусі, то канец рускаму свету канчаткова.
— З вялікай павагай, вельмі дакладная заўвага, — заявіў кіраўнік НАУ і намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. — Ужо ёсць план, распісаны па днях, па дзеяннях, па кроках, абсалютна па розных сферах. Нават план замены чыноўнікаў.
Адзін з удзельнікаў канферэнцыі спытаў у палітыка, якім чынам пра гэты план даведаюцца людзі з Беларусі. І ці трэба гэты план распаўсюджваць.
— Калі мы праводзілі абмеркаванне і адабрэнне папярэдняе гэтага плана транзіту. Транзіт — гэта перыяд з моманту таго, калі няма Лукашэнкі ва ўладзе да першых дэмакратычных выбараў. Было прынята агульнае рашэнне, што гэты план не будзе мець публічнага характару, каб не былі зроблены контрдзеянні, — заявіў Латушка.
— Я разумею, што трымаць гэта ў таямніцы практычна бессэнсоўна. Людзі павінны разумець, прынамсі, базавыя алгарытмы, крокі, якія трэба будзе зрабіць на ўзроўні дэмакратычных інстытутаў, у цэлым дэмсіл, грамадзянскіх ініцыятыў, што мы чакаем ад нашых міжнародных партнёраў, калі мы будзем рэагаваць на рызыку, якая ўзнікне з боку Расейскай Федэрацыі. Гэтае пытанне мы абмяркоўвалі ўжо ў Аб'яднаным пераходным кабінеце, — сказаў Павел Латушка. — Мы вернемся да яго пасля канферэнцыі. Хутка мы апублікуем алгарытм. Сапраўды, гэты план рыхтавалі ў тым ліку былыя дзяржаўныя чыноўнікі, якія маюць дастаткова вялікі досвед кіравання на досыць высокіх пасадах. І яны выразна разумеюць, якім чынам трэба будзе выбудаваць сістэму кіравання краінай у самы крытычны момант. Самы галоўны выклік, які існуе сёння — гэта Расійская Федэрацыя.
Чытайце таксама:
Святлана Ціханоўская расказала, чаму не праверыла змест канверта ад Паўлючэнкі па прыездзе ў Літву
Пяць гадоў таму ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары
Эканаміст Зміцер Крук пра тое, ці магчымы перамены ў Беларусі толькі ўнутранымі высілкамі