БЕЛ Ł РУС

Аліеў і Пашынян падпісалі ў Белым доме дэкларацыю аб спыненні баявых дзеянняў

9.08.2025 / 0:44

Nashaniva.com

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян у прысутнасці прэзідэнта ЗША Дональда Трампа падпісалі ў Белым доме дэкларацыю аб поўным спыненні баявых дзеянняў. Паводле слоў Трампа, бакі дамовіліся назаўжды спыніць узброены канфлікт, аднавіць гандаль, падарожжы і дыпламатычныя адносіны, а таксама прызнаваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць адзін аднаго, перадае Reuters.

Ільхам Аліеў, Дональд Трамп і Нікол Пашынян. Фота: Andrew Harnik/Getty Images

ЗША плануюць падпісаць з Ерэванам і Баку асобныя пагадненні аб пашырэнні супрацоўніцтва ў энергетыцы, гандлі і высокіх тэхналогіях, а таксама зняць абмежаванні на ўзаемадзеянне ў сферы абароны з Азербайджанам. Амерыканскія кампаніі гатовыя інвеставаць у інфраструктуру абедзвюх краін.

Аліеў назваў дамоўленасці магчымасцю «перагарнуць старонку супрацьстаяння і крыві» і забяспечыць мірную будучыню. Пашынян падкрэсліў, што гэта адкрывае шлях да міру, бяспекі і эканамічнага развіцця на Паўднёвым Каўказе.

Пры гэтым застаецца нявысветленым, як пагадненне вырашыць галоўныя спрэчныя пытанні — напрыклад, дэлімітацыю мяжы і патрабаванне Баку змяніць Канстытуцыю Арменіі, дзе ўсё яшчэ ёсць заклік 1989 года аб аб’яднанні з Нагорным Карабахам.

Асобны пункт дакумента дае Вашынгтону выключныя правы на развіццё транзітнага калідора праз Паўднёвы Каўказ. Ён павінен злучыць паўднёвы захад Азербайджана з яго эксклавам Нахічэванню праз горад Мегры ў Сюнікскай вобласці Арменіі і выйсці да мяжы з Турцыяй.

Гэты праект, які атрымаў назву TRIPP («Маршрут Трампа дзеля міжнароднага міру і росквіту»), будзе дзейнічаць у рамках армянскага заканадаўства, але ЗША атрымаюць магчымасць прыцягнуць міжнародных партнёраў для будаўніцтва і кіравання інфраструктурай. Паводле крыніц Reuters, калідор можа адкрыць рэгіён для новых эканамічных сувязяў і зменшыць рызыку аднаўлення канфлікту.

Чытайце таксама:

Азербайджан і Арменія адкрыюць транспартны калідор пры ўдзеле ЗША і без удзелу Расіі

Расія наносіць удары па азербайджанскіх нафтагазавых аб'ектах ва Украіне

Чаму Лукашэнка не Аліеў

Аліеў параіў Украіне не згаджацца на акупацыю. Z-каналы заклікаюць рыхтавацца да вайны з Азербайджанам

Каментары да артыкула