ChatGPT прадставіў новую мадэль GPT-5. Вось што ў ёй новага і што абяцаюць распрацоўшчыкі
Сёння Open AI прадставіў абноўленую мадэль сваёй нейрасеткі ChatGPT 5 нават для бясплатных карыстальнікаў. Старыя мадэлі будуць выведзеныя з ужытку. Стваральнікі запэўніваюць, што новая версія мае шмат перавагаў.
ChatGPT, ілюстрацыйнае фота «Нашай Нівы»
Выйшла новая мадэль ChatGPT — GPT-5. З кліента ChatGPT неўзабаве будуць выдаленыя мадэлі GPT-4o, GPT-4.1, GPT-4.5, GPT-4.1-mini, o4-mini, o4-mini-high, o3 і o3-pro. Абраць можна з трох опцыяў ChatGPT 5 (для ўсіх), GPT-5 Thinking (для складаных задачаў, даступна для платных карыстальнікаў) і GPT-5 Thinking Pro (толькі для pro-карыстальнікаў).
Якія новыя функцыі гэтай мадэлі?
Цяпер, калі вы задаеце пытанне, ChatGPT сам вырашае, калі адказаць хутка, а калі думаць даўжэй (распрацоўшчыкі называюць гэта «роўтэрам»). Мяркуючы па адказах, па змоўчанні ШІ спрабуе аналізаваць многія пытанні больш грунтоўна і значна даўжэй, чым мінулыя мадэлі.
Калі GPT-5 аналізуе, што адказаць, можна націснуць Get a quick answer, каб атрымаць карацейшы і хутчэйшы адказ без глыбокай развагі.
Напрыклад, мы задалі пытанне пра колькасць галактык у сусвеце. У хуткім рэжыме ён адказаў імгненна, тады як без яго думаў каля 20 секунд, але даў больш падрабязнасцяў. Але лічбавы адказ быў такі самы (каля двух трыльёнаў).
Націсканне кнопкі «Get quick answer» дазволіць атрымаць не такі грунтоўны, але даволі дакладны і хуткі адказ
Таксама распрацоўшчыкі кажуць, што здолелі замяніць усе мадэлі адной дзякуючы інавацыйнай сістэме, якая аўтаматычна вырашае, як доўга думаць над задачай, засноўваючыся на кантэксце, і колькі рэсурсаў выкарыстоўваць на якое з пытанняў карыстальніка. Гэта таксама дазваляе адказваць на складаныя пытанні хутчэй і эканоміць рэсурсы.
У тэкставым рэжыме з'явілася магчымасць абіраць аднаго з чатырох персанажаў або заставацца ў стандартным стылі ChatGPT у раздзеле наладаў «Перасаналізацыя», які быў істотна пашыраны. Вось, што пра іх пішуць распрацоўшчыкі:
- Cynic — саркастычны і сухі, дапамагае з гумарам;
- Robot — дакладны, эфектыўны, без эмоцый;
- Listener — спакойны, дзеліцца думкамі і меркаваннямі, троху жартуе;
- Nerd — захоплены ведамі, дапамагае грунтоўна і даступна.
Абноўлены галасавы рэжым (Voice mode). Распрацоўшчыкі абяцаюць, што ён стаў больш зручным і даступным, а таксама падтрымлівае карыстальніцкія GPT. Платныя карыстальнікі могуць падстроіць голас пад сябе — папрасіць змяніць стыль, хуткасць і танальнасць гаворкі. Праз 30 дзён стары рэжым Standard Voice будзе адключаны.
Галасавы рэжым пакуль будзе працаваць на старой мадэлі GPT-4o і без персанажаў.
З'явіліся і чыста эстэтычныя дадаткі. Напрыклад, цяпер можна будзе абіраць колер для некаторых элементаў інтэрфейса, напрыклад, кнопкі Voice, вылучанага тэксту і бурбалак чата.
Якія выгоды гэтай мадэлі ў параўнанні з мінулымі?
Самае адметнае з таго, што абяцае OpenAI — радыкальнае змяншэнне галюцынацый, то-бок несвядомай выдачы хлуслівай ці выдуманай інфармацыі. Згодна з прэс-рэлізам, колькасць такіх адказаў, асабліва на чуллівыя тэмы кшталту здароўя, зменшылася прыкладна на 80% адносна мадэлі 3o.
Мадэль радзей падманвае карыстальніка ў складаных задачах, то-бок радзей згаджаецца з памылковай пазіцыяй для зручнасці, замоўчвае нявызначанасць і падае версію як бясспрэчную, прыдумляе крыніцы ці сцвярджае тое, што супярэчыць фактам задачы. Карацей, радзей свядома хлусіць.
OpenAI уласнаручна стварае такія складаныя неадназначныя тэставыя сцэнары для сваіх мадэляў. З GPT-5 выпадкаў хлусні для такіх сцэнароў стала ўдвая менш (2.1% з GPT-5 Thinking супраць 4.8% у мадэлі 3o). Замест адказу, кажуць распрацоўшчыкі, яны навучылі GPT-5 задаваць болей удакладняючых пытанняў і з большай імавернасцю перапытваць ці казаць, што немагчыма адказаць ці нешта прааналізаваць, чым выдаваць хлусню ці лухту.
OpenAI заяўляе, што GPT-5 менш ліслівая і радзей становіцца на бок карыстальніка без падстаў на тое. Цяпер доля такіх адказаў у фармальных тэстах меншая за 6% супраць 14.5% у мінулых мадэляў.
OpenAI абяцаюць, што цяпер будзе менш неабгрунтаваных адмоваў ад абмеркавання складаных тэмаў, але адказы будуць больш бяспечнымі. То-бок нават яны стараюцца зрабіць так, каб карыстальнік мог абмяркоўваць з мадэллю што заўгодна, але адказы не нанеслі шкоды ні яму, ні грамадству.
Па звестках распрацоўшчыкаў, ChatGPT 5 — найлепшая мадэль для праграмавання. Яны заяўляюць, што можна ствараць усё, нават гульні (прыклад такой вэб-гульні яны прыводзяць у рэлізе) літаральна за адзін адэкватна сфармуляваны запыт без патрэбаў у карэкцыі кода.
Таксама, сцвярджаюць яны, істотна палепшыліся функцыі напісання тэкстаў, у тым ліку па-беларуску. Цяпер мадэль лепш працуе з тэкстамі з шматузроўневымі сэнсамі, можа лепш пісаць і апрацоўваць вершы і мастацкія тэксты.
Open AI абяцае таксама, што новая мадэль лепш кансультуе па медыцынскіх пытаннях, больш грунтоўна аналізуе інфармацыю і «забяспечвае больш дакладныя і надзейныя адказы». Кампанія прапануе ChatGPT не як замену доктару, а як партнёра для разумення вынікаў і прыняцця рашэнняў.
Па звестках OpenAI, GPT-5 — наймацнейшая мадэль кампаніі, якая б'е рэкорды ва многіх фармальных тэстах: праграмаванні, матэматыцы, мультымадальным разуменні і медыцыне. Гендырэктар кампаніі нават заявіў, што GPT-5 «дасягнула ўзроўня доктара навук (PhD)».
Чытайце таксама:
Кампаніі, якія спадзяваліся зэканоміць на ШІ, цяпер выдаткоўваюць значныя грошы на выпраўленні