«Кішка срачная». Адзін тэрмін паказвае, як збяднела беларуская мова за апошнія дзесяцігоддзі
Прычынай з'яўлення гэтага артыкула сталі заўвагі асобных чытачоў да артыкула пра павелічэнне выпадкаў раку прамой кішкі. Чаму мы ўжываем слоўнікавы тэрмін, а не спрадвечныя беларускія словы для яе абазначэння? Так, сапраўды, ад аднаго пераліку гэтых слоў можна ўразіцца, якая распрацаваная, багатая і лагічная была беларуская мова — пакуль яе не загналі ў кайданы.
Гаргулья на фасадзе Фрайбургскага сабора, пабудавана ў XIII стагоддзі. Фота: Wikimedia Commons
Лацінская калька
Прамая кішка — гэта канцавая частка стрававальнага тракта, куды трапляюць усе рэшткі ежы, якія не паспелі ўсмактацца ў тонкай кішцы. Тут з дапамогай стрававальнага соку фарміруюцца калавыя масы, якія пасля праз анальную адтуліну выходзяць вонкі.
Прамая кішка — гэта медыцынскі тэрмін, які на сёння з’яўляецца нарматыўным варыянтам у беларускай мове. Нягледзячы на тое, што гэты тэрмін выглядае як калька з рускага тэрміна, насамрэч у беларускай, рускай, украінскай, літоўскай, латышскай і некаторых іншых мовах назва канцавой часткі стрававальнага тракту ёсць калькай з лацінскай назвы rectum intestinum — ’прамая кішка’.
Сёння ў медыцынскай тэрміналогіі ён скарачаецца да проста rectum. Некаторыя прэпараты неабходна ўводзіць per rectum, то бок рэктальна — праз анус у прамую кішку.
Што за «кут» у прамой кішцы?
Але натуральна, беларусы мелі для гэтай кішкі і свае ўнікальныя народныя назвы, многія з якіх адлюстраваныя ў «Лексічным атласе беларускіх народных гаворак», дыялектычных, а таксама тэрміналагічных слоўніках даваеннага часу.
Найбольш вядомым альтэрнатыўным варыянтам для абазначэння прамой кішкі з’яўляецца слова ку́тніца. Гэтае слова ўжывалася ў арэале паўднёва-заходняга дыялекту і сярэдне-беларускіх гаворак, якія ахопліваюць большую частку Беларусі.
Не варта шукаць у прамой кішцы кут, які б мог паслужыць асновай для такой назвы, бо яго там няма. Этымалогія слова куды больш складаная, мовазнаўцы ўзводзяць слова да слоў кутыр ‘бруха’ і кутаць ‘укрываць’. Кутом па-беларуску сапраўды называюць самае далёкае, аддаленае, крайняе месца. «Кутом», прыкладам, называлі дальні краечак лесу. Гэтыя словы ўзыходзяць да найбольш шырокага значэння слова кут, якое яно мела ў праславянскай мове, абазначаючы не толькі ‘вугал’, але і ‘закрытую прастору’.
Не толькі ў беларускай
Ку́тница ў «Слоўніку рускіх народных гаворак».
«Слоўнік украінскай мовы», складзены ў пачатку XX стагоддзя Барысам Грынчанкам, фіксуе слова кутни́ця з тым жа значэннем ‘прамая кішка’ ў Радамысльскім павеце Кіеўскай губерні, які, варта адзначыць, межаваў з Мінскай губерняй. Куды менш верагодна, што з беларускім уплывам гэта слова ку́тница, укладзенае ў «Слоўнік рускіх народных гаворак», з’явілася ў рускіх гаворках Шацкага павета Тамбоўскай губерні і Разанскім павеце Разанскай губерні. Дарэчы роднаснае польскае kątnica абазначае зусім іншую кішку — сляпую.
Кут, сяруха ды гудзёшніца
Паводле «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» агульнараспаўсюджаным варыянтам была прамая кішка. Калі не ўлічваць гэты факт, то ў цэлым беларускі арэал быў падзелены на дзве вялікія зоны, у адной дамінавалі аднакаранёвыя з кутніцай тэрміны, а ў паўночна-ўсходняй частцы — аднакаранёвыя са словам гузно, якое, як можна здагадацца, азначае звычайна азадак. Таксама асобна можна вылучыць Віленшыну, дзе нярэдкія тэрміны аднакаранёвыя са словам сраць.
Геаграфічная распаўсюджанасць розных варыянтаў назваў прамой кішкі ў беларускай мове. Графіка: Наша Ніва
Так, напрыклад, у Мёрскім, Вілейскім і Дзятлаўскім раёнах як абазначэнне прамой кішкі зафіксаванае слова кут, у Маларыцкім — кутэ́нь, у Кобрынскім, Драгічынскім, Пінскім, Слонімскім, Лельчыцкім і Мазырскім раёнах — то бок амаль па ўсім беларускім Палессі — ку́тняя кішка, у недалёкім Ляхавіцкім раёне іншая форма — ку́ткавая кішка, у Вілейскім раёне — чараво ку́тняе, і нарэшце ў Ашмянскім раёне і Віленскім раёне Літвы — кутава́я кішка.
У Сенненскім, Аршанскім, Шклоўскім, Клімавіцкім і Мсціслаўскіх раёнах найбольш пашыранымі варыянтамі для абазначэння прамой кішкі былі гузе́чніца ці гудзёшніца, побач у Крупскім, Бялыніцкім, Быхаўскім, Мсціслаўскім, Касцюковіцкім і Чачэрскім раёнах — гу́зетніца, у Лепельскім і Чашніцкім раёнах — гу́жэтніца, у Веткаўскім — гузённіца, і проста гузно ў Мядзельскім раёне.
Няяснай этымалогіі слова вужэ́ўніца сустракалася ў Барысаўскім раёне, а словы кніжэ́тніца ды пляха́ — ў Брагінскім.
Былі і розныя апісальныя варыянты, кішка магла быць не толькі кутняй, прамой, але напрыклад задняй, як у Вілейскім, Камянецкім, Кобрынскім і Лунінецкім раёнах, прахо́дная, як у Глыбоцкім, Віцебскім, Смаргонскім і Рэчыцкім, і нават тоўстай, як называлі яе таксама ў Кобрынскім раёне.
У паўночна-заходнай зоне, гістарычнай Віленшчыне, зафіксаваныя варыянты кішка сяра́вая, серама́я, сяро́мая, у Слонімскім, Камянецкім і Пружанскім раёнах — кішка сра́чная, у Шчучынскім раёне — сярая́нка, у Рэчыцкім таксама — сяру́ха.
Варта адзначыць, што некаторымі з гэтых слоў называліся таксама іншыя кішкі ці ўвогуле іншыя рэчы.
Тэрміналагічныя пытанні
Распрацоўка беларускай навуковай тэрміналогіі скончылася разам з пачаткам рэпрэсій у пачатку 1930-х гг. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі
На пачатку фарміравання беларускай навуковай тэрміналогіі ў 1920-я гг. слова кутніца стала бадай адзіным абазначэннем для прамой кішкі. Яно было прыведзена ў Беларуска-расійскім слоўніку Міколы Байкова і Сцяпана Некрашэвіча, выдадзеным у 1927 годзе. А таксама ў выдадзеным у тым жа годзе другім выпуску лацінска-руска-беларускага слоўніка Nomina Anatomica Alboruthenica, за падрыхтоўкай якога стаялі, відаць, Іван Цвікевіч, Павел Трамповіч і Павел Каравайчык.
Ужо 1930 годзе ўсе ўкладальнікі гэтых тэрміналагічных слоўнікаў былі асуджаны па сфабрыкаванай справе да «Саюза вызвалення Беларусі», а іхнія творы забаронены — на гэтым беларуская навуковая тэрміналогія ў большасці сфер жыцця скончылася, як мае быць і не пачаўшыся.
У 1990-я гады некаторыя слоўнікі зведалі факсімільныя выданні. Складальнікі Кароткага расейска-беларускага фізіялагічнага слоўніка, які быў выдадзены ў 1993 годзе, карысталіся дарэформенным правапісам і імкнуліся аднавіць традыцыі тэрміналагічнай працы 1920-х гадоў, уключыўшы ў яго слова кутніца і нават — кутняя кішка. Спрабаваў вярнуць слова і Віктар Варанец у сваім Руска-беларускім, беларуска-рускім слоўніку медыцынскіх тэрмінаў, выдадзеным у 2001 годзе.
Тым не менш гэта былі адзінкавыя спробы вярнуць у прафесійны ўжытак слова, якое ў ім фактычна ніколі не было, застаючыся пашыраным народным найменнем органа. На сёння найбольш ужываным і фактычна адзіным варыянтам з’яўляецца прамая кішка.
Беларуская медыцынская тэрміналогія ў даведніку «Анатомия: словарь»
Гэты тэрмін прысутнічае абсалютна ва ўсіх слоўніках і энцыклапедычных выданнях.
Выдадзены ў 2016 годзе галіновы даведнік «Анатомия: словарь», у якім прыведзены беларускія адпаведнікі да ўсяго міжнароднага стандартызаванага спісу анатамічных тэрмінаў і які прэтэндуе стаць нарматыўным, таксама падае толькі варыянт «прамая кішка». Кутніца, ці кутняя кішка, у ім, на жаль, нават не згадваецца.
Праблема беларускай медыцынскай тэрміналогіі палягае ў тым, што ў сучаснай Беларусі яна не мае ні практычнага прымянення, ні жывога ўжытку, і таму не праходзіць праз натуральны адбор у выніку тэрміналагічнай канкурэнцыі: усе варыянты — не больш чым прапановы, выказаныя на паперы. Які з іх будзе правільным, павінны вызначаць не слоўнікі, а жывы ўзус — які, на жаль, у сённяшніх умовах практычна немагчыма ўявіць.
* * *
Калі вам важна тое, што мы робім, падтрымайце нас праз Патрэон, праз Пэйпол, або перадаўшы Рэдакцыі іх любым іншым зручным для вас спосабам, праз тых рэдактараў і журналістаў «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце асабіста.
{DONATE_PAYPAL}