БЕЛ Ł РУС

На АНТ паказалі кадры, на якіх Андрэй Паўлючэнка перадае нейкі скрутак Ціханоўскай

6.08.2025 / 22:10

Nashaniva.com

«Вось грошы, якія вы прасілі», — кажа пры гэтым кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку.

Скрыншот з відэа

Дзеянне адбываецца ў кватэры Святланы Ціханоўскай 10 жніўня 2020 года ў Мінску — на наступны дзень пасля выбараў, на якіх, мяркуючы па наяўных копіях пратаколаў участковых выбарчых камісій, Ціханоўская перамагала.

У прапагандысцкім сюжэце сцвярджаецца, што грошы Святлане Ціханоўскай асабіста перадаў Андрэй Паўлючэнка, і што ён жа здымаў усё на схаваную камеру.

Па словах кіраўніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра, ён 10 жніўня па даручэнні Лукашэнкі прыехаў у Цэнтрвыбаркам, каб разабрацца з заявай, якую туды падала Святлана Ціханоўская. Паводле яго слоў, яна была напалоханая і разгубленая, не ведала, да каго звярнуцца, бо пачала, маўляў, разумець, што яе асяроддзе ёй маніпулюе. Адзіным яе жаданнем было ўбачыць сваіх дзяцей, якія тады былі за мяжой.

Пасля размовы ў ЦВК Паўлючэнка паехаў разам з ёй дадому, каб растлумачыць далейшыя дзеянні. На відэа са схаванай камеры відаць, як ён дае ёй белы канверт са словамі: «Вось грошы, якія вы прасілі. Калі што — звяртайцеся ў амбасаду».

Ціханоўская спачатку не бярэ канверт, але ён кажа ёй схаваць грошы, бо хутка прыйдзе кіраўніца яе штаба Марыя Мароз, і гэта будзе выглядаць непрыстойна. Тады яна перакладае канверт на падваконнік і накрывае яго ручніком. Што ўнутры канверта — на запісе не відаць.

Пазней Паўлючэнка тэлефануе намесніку міністра ўнутраных спраў Генадзю Казакевічу і кажа, што будзе суправаджаць жанчын да мяжы для іх бяспекі. Ён таксама згадвае, што тагачасны кіраўнік ГУБАЗіКа Мікалай Карпянкоў можа ехаць у іншай машыне. Затым ён тэлефануе памочніку Лукашэнкі, каб перадаць, што ўсе накіроўваюцца да мяжы.

Паказана, як жанчыны выходзяць з кватэры, садзяцца ў машыну і перасякаюць мяжу Беларусі з Літвой. У кадры не бачныя нумары аўто і твары людзей.

Відэа пацвярджае, што пакуль ва ўсёй Беларусі адбываліся дэманстрацыі за сумленны падлік галасоў, Святлану Ціханоўскую фактычна ўзялі ў закладнікі сілавікі з бліжняга кола Аляксандра Лукашэнкі. Яны ізалявалі кандыдата ў прэзідэнты ад яе каманды — а муж, Сяргей Ціханоўскі, тады знаходзіўся ў СІЗА. І вымусілі пакінуць Беларусь.

Чытайце таксама:

Леў Троцкі і роспуск Офіса Святланы Ціханоўскай

Спецслужбы рассылаюць фэйкавыя паведамленні пра аплату ўдзелу ў мітынгах. Купіўся толькі блогер Вірус і ягоныя сябры

Пазняк: Офіс Ціханоўскай ляжыць гнілой калодай на шляху беларускага развіцця і барацьбы за вольную Беларусь

«Мне літоўцы сказалі не свяціцца, таму што спецслужбы шукаюць, як падабрацца». Франак Вячорка пра пагрозы

Каментары да артыкула