У Кітаі ўспышка новай заразы
У правінцыі Гуандун у Кітаі зафіксавана ўжо больш за 7000 выпадкаў заражэння вірусам Чыкунгунья. Асабліва шмат хворых у дзесяцімільённым горадзе Фашань, дзе інфікаваных трымаюць у шпіталях, ахінуўшы ложкі маскітнымі сеткамі. Яны застаюцца там да тыдня, пакуль у іх арганізме не перастане праяўляцца вірус, піша Бі-бі-сі.
Фота: Getty Image
Вірус пераносіцца толькі праз укусы камароў — ад чалавека да чалавека ён не перадаецца. Пры заражэнні з’яўляюцца высокая тэмпература і моцны боль у суставах, які можа захоўвацца нават гадамі. Пакуль што ўсе выпадкі ў Кітаі праходзяць у лёгкай форме, а 95% хворых выпісваюцца ўжо праз тыдзень.
Чыкунгунья —гэта вірусная інфекцыя, якая перадаецца праз укусы камароў. Праз 3—7 дзён пасля заражэння з’яўляюцца сімптомы: ліхаманка, боль у суставах, высыпка, галаўны боль, ацёкі. У большасці выпадкаў стан паляпшаецца праз тыдзень, але боль у суставах можа заставацца доўгі час. Асабліва цяжка пераносяць хваробу немаўляты, пажылыя людзі і тыя, хто мае хранічныя захворванні. Лекаў ад вірусу няма, але смяротнасць ад яго вельмі нізкая.
Нягледзячы на гэта, вірус, які раней у Кітаі амаль не сустракаўся, выклікаў пэўнае хваляванне сярод насельніцтва. Чыкунгунья часцей бывае ў Афрыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі, у Кітаі ж такая хвароба — рэдкасць.
Вірус упершыню быў выяўлены ў Танзаніі 70 гадоў таму. Назва «Чыкунгунья» паходзіць з мовы макондэ і азначае «скручаны», што адлюстроўвае тыповыя сімптомы.
Акрамя Фашаня, выпадкі заражэння ўжо зафіксаваны як мінімум у 12 гарадах правінцыі Гуандун. За апошні тыдзень — амаль 3000 новых выпадкаў. У Ганконгу таксама зафіксавалі першы выпадак — у 12-гадовага хлопчыка, які нядаўна вярнуўся з Фашаня.
Улады праводзяць дэзынфекцыю, змагаюцца з камарамі, зліваюць стаячыя воды, дзе могуць быць іх лічынкі, і нават штрафуюць тых, хто не выконвае правілы (да 10 тысяч юаняў). Спецыяльна запускаюць таксама карысных насякомых і рыб, што ядуць камароў і іх лічынак.
Некаторыя параўноўваюць гэтыя меры з жорсткімі абмежаваннямі падчас COVID-19 і сумняваюцца, ці настолькі строгія захады цяпер апраўданыя.
Чытайце таксама:
Навукоўцы высветлілі, чаму ў Ціхім акіяне вымерлі мільярды марскіх зорак
Каранавірус паскорыў старэнне мозгу нават у тых, хто не хварэў