Германія перад вучэннямі «Захад-2025» перакідае свае знішчальнікі ў Польшчу
За чатыры тыдні да пачатку расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2025» Германія перакідае свае знішчальнікі ў Польшчу, каб падтрымаць саюзнікаў і прадэманстраваць гатоўнасць НАТА да абароны, піша Bild.
4 жніўня на вайсковы аэрадром Мінск-Мазавецкі прыбылі пяць нямецкіх знішчальнікаў Eurofighter з 31-й тактычнай эскадрыллі. Разам з імі — 150 вайскоўцаў Бундэсвера: пілоты, сувязісты і ахова авіябазы.
Паводле слоў прадстаўніцы ВПС Германіі, гэтая місія — выразны сігнал салідарнасці ўнутры НАТА, а таксама сродак стрымлівання і абароны агульнай паветранай прасторы.
У Міністэрстве абароны Германіі дадалі, што гэта падраздзяленне выконвае ролю «пажарнай каманды» — яно гатовае хутка рэагаваць на магчымыя парушэнні паветранай прасторы.
Знішчальнікі будуць падтрымліваць нямецкія СПА-сістэмы Patriot, якія ўжо дыслакаваныя ў польскім Жэшаве. Акрамя таго, знішчальнікі з 71-й эскадрыллі ахоўваюць неба над паўночнай Польшчай і Балтыкай яшчэ з красавіка — асабліва ад расійскіх разведвальных самалётаў.
Такія дзеянні выкліканыя занепакоенасцю суседзяў Расіі, у тым ліку Польшчы і краін Балтыі, якія баяцца, што вучэнні могуць быць прыкрыццём для агрэсіі.
Чытайце таксама:
У Генштабе зрабілі заяву адносна вучэнняў «Захад-2025»
Наўседа не лічыць вучэнні «Захад-2025» падставай для хвалявання
Зяленскі: Лукашэнка баіцца і перанясе вучэнні далей ад мяжы з Украінай