БЕЛ Ł РУС

У Жлобіне ліквідуюць знакамітую фабрыку, дзе робяць штучнае футра

5.08.2025 / 15:50

Nashaniva.com

Тэлеграм-канал «Свабодны Жлобін» 5 жніўня паведаміў, што ў райцэнтры ходзяць чуткі аб ліквідацыі прадпрыемства БЕЛФА — найбуйнейшага ў Еўропе вытворцы штучнага і ваўнянага футра на трыкатажнай аснове. Паводле звестак канала, пра закрыццё фабрыкі «гавораць ужо як мінімум месяц», і ліквідацыя прадпрыемства можа адбыцца «ўжо гэтай восенню». Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэта не было, таму «Флагшток» праверыў чуткі.

Ілюстрацыйны здымак: продаж на вакзале ў Жлобіне мяккіх цацак з футра фабрыкі БЕЛФА

Фабрыка знакамітая тым, што яе футра выкарыстоўвалі мясцовыя ўмельцы для шыцця мяккіх цацак, якімі славіўся Жлобін — асабліва ў 2000-х гадах, калі на вакзале райцэнтра прадаўцы яркіх цацак масава атачалі цягнікі.

Прадпрыемства, якое паспяхова працавала больш за 40 гадоў, у апошнія гады сапраўды стала «фабрыкай па вытворчасці страт». Пра гэта сведчаць штогадовыя справаздачы аб дзейнасці прадпрыемства, якія вывучыў «Флагшток».

Па выніках 2024 года чыстыя страты прадпрыемства сталі рэкорднымі і склалі 3 мільёны 159 тысяч рублёў (больш за 1 мільён даляраў). Па выніках 2023 года — 2 мільёны 276 тысяч рублёў. 2022 год быў для фабрыкі больш паспяховым, але ў плюс выйсці ўсё адно не ўдалося — страты склалі 291 тысячу рублёў. А яшчэ раней, у 2021 годзе, прадпрыемства спрацавала ў мінус 2 мільёны 859 тысяч рублёў.

Мяркуючы па даных у справаздачах, фабрыка магла ўзяць кароткатэрміновы і доўгатэрміновы крэдыты. Але прадае яна менш, чым вырабляе, таму змяншаецца прыбытковасць. На фоне гэтага адбываецца закупка абсталявання, на прадпрыемстве запаўняюцца склады гатовай прадукцыяй.

«Працуюць так, нібы ніякага мінусу няма. У нармальным свеце яны б перастройвалі працэсы. Але ў Беларусі прадпрыемствы могуць функцыянаваць з любымі мінусамі, пакуль іх хоча датаваць дзяржава», — пракаментаваў сітуацыю эксперт.

Пра цяперашнюю колькасць работнікаў на БЕЛФА не паведамляецца, але вядома, што ў 2022 годзе тут працавала 345 чалавек. Свежых вакансій фабрыка даўно не публікавала, на званок у аддзел кадраў ніхто не адказаў.

Затое ў іншым падраздзяленні, куды «Флагшток» патэлефанаваў ад імя пакупніка, прызналіся: прадпрыемства сапраўды рыхтуюць да закрыцця, вытворчасць спынілася:

«Ліквідацыйны перыяд пачнецца з 11 жніўня. Працягнецца да 10 мая з магчымым наступным падаўжэннем. Фабрыка ўжо нічога не робіць, вытворчасць стаіць. Работнікаў пераводзяць каго на 2/3, каго за свой кошт».

Цяпер прадпрыемства вядзе распродаж прадукцыі, якая назапасілася на складах.

Чытайце таксама:

У Жлобіне будуць выпускаць «інавацыйныя бейсболкі». На іх хочуць зарабіць 270 тысяч даляраў

«Загрузка ўпала, заказаў менш». Работнікаў прадпрыемства ў Рэчыцы сталі адпраўляць у адпачынкі без аплаты

«Камунарка» і «Спартак» пачнуць рабіць цукеркі з венесуэльскіх какава-бабоў

Каментары да артыкула