МЗС абурылася будучымі акцыямі беларусаў у Варшаве 9-10 жніўня
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў выступіў з заявай у сувязі з акцыямі дэмакратычных сіл у Варшаве. 9-10 жніўня ў сталіцы Варшавы плануецца канферэнцыя «Новай Беларусі» пад эгідай Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама шэсце з нагоды пятай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Руслан Варанкоў
Прывядзем словы прэс-сакратара цалкам.
«Паводле наяўнай у Міністэрстве замежных спраў інфармацыі, 9—10 жніўня ў Варшаве, на плошчы імя Пілсудскага, а таксама ў Варшаўскім універсітэце запланавана правядзенне мерапрыемства, мэтай якога з'яўляецца нанесенне шкоды Рэспубліцы Беларусь. Арганізатарамі і актыўнымі ўдзельнікамі выступаюць прадстаўнікі беларускай эміграцыі, якіх падтрымлівае афіцыйная Варшава і якія вядомыя сваёй дэструктыўнай і правакацыйнай дзейнасцю. Міністэрства зыходзіць з таго, што падобныя варожыя акцыі не спрыяюць аднаўленню нармальнага дыялогу паміж нашымі дзяржавамі і наўпрост шкодзяць беларуска-польскім адносінам,» — сказаў Руслан Варанкоў.
У сувязі з гэтым у Міністэрства замежных спраў быў выкліканы часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, якому была ўручана адпаведная нота.
МЗС кажа, што будзе ўважліва сачыць за сітуацыяй і рабіць, калі што, захады ў адказ.
Чытайце таксама:
Дзве ўдачы, дзякуючы якім адбылася кар'ера новага прэс-сакратара МЗС Руслана Варанкова
Пяць фактаў пра новага прэс-сакратара МЗС, які хамаватасцю косіць пад Марыю Захараву