«Паўстання такіх памераў у Беларусі ніколі не было». Гісторык расказаў, чым унікальны 2020-ты і што мы возьмем з яго на будучыню
У пяцігоддзе пачатку пратэстаў-2020 рэфлексуем разам з гісторыкам Паўлам Церашковічам пра тыя дні, якія змянілі беларусаў. У жніўні 2020-га беларусам не хапіла некалькіх тысяч рашучых людзей, але некалі змены ў краіне дакладна будуць, упэўнены Церашковіч.
9 жніўня 2020-га
«На вуліцы выводзіла не толькі сітуацыя з кавідам, але і патрэба ў адэкватнай уладзе»
«Наша Ніва»: Падзеі 2020-га — перамога ці параза для беларускай нацыі?
Павел Церашковіч: Я б не ставіў пытанне так радыкальна, паглядзім, што будзе далей. Але можна сказаць, што гэта абсалютна неардынарная з’ява ў беларускай гісторыі, бо ніколі раней не было нічога падобнага.
Я схільны называць гэтыя падзеі рэвалюцыяй, але можна назваць іх і народным паўстаннем. І калі прытрымлівацца другой формулы, можна сказаць, што паўстання такіх памераў у Беларусі ніколі не было.
Калі мы возьмем гісторыю Беларусі за апошнія два з паловай стагоддзі, пабачым: калі нешта падобнае адбывалася, гэта заўжды было рэхам падзей, якія адбываліся за межамі Беларусі. Возьмем паўстанні ад Касцюшкі да Каліноўскага — відавочна, што іх цэнтрам усё ж такі была тэрыторыя Польшчы.
Калі казаць пра падзеі пачатку 20-га стагоддзя, рэвалюцыі 1905-га і 1917-га гадоў, іх эпіцэнтр зноў-такі быў не ў Беларусі. Ці возьмем 1991-шы год, распад СССР і ўтварэнне незалежнай Беларусі — гэта было рэха падзей, што адбываліся дзесьці далёка.
Павел Церашковіч. Скрын відэа: malina_by / YouTube
А вось у 2020-м беларусы ўпершыню прадэманстравалі, што яны не аб’ект гісторыі, а суб’ект. Мне здаецца, у гэтым асноўны сэнс таго, што адбылося пяць гадоў таму.
«НН»: Чаму такая праява суб’ектнасці беларусаў увогуле стала магчымая?
ПЦ: Па-першае, на мяжы 20-га і 21-га стагоддзяў шмат чаго змянілася. Працягвалася ўрбанізацыя, усё больш беларусаў перабіраліся ў гарады, а такія падзеі [як у 2020-м] — гэта перадусім падзеі гарадскія і асабліва сталічныя. У гарадах вырасла новае пакаленне беларусаў, не звязанае з урбанізацыйным бумам, што адбываўся ў 60-х і 80-х гадах. Гэта ўжо былі гараджане ў другім і трэцім пакаленні, якія інакш ставіліся да свайго жыцця.
Таксама значна павысіўся адукацыйны ўзровень беларусаў, колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй. У 2020-м такіх людзей было вельмі шмат на плошчах і вуліцах.
І наколькі б не была кансерватыўнай эканамічная палітыка рэжыму, які жадае захаваць усё «найлепшае» з савецкіх часоў, за апошнія 30 гадоў усё-ткі змянілася структура працаўладкавання. У пачатку 90-х большасць беларусаў працавалі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, а ў 2020-м больш за ўсё беларусаў працавала ў сферы паслуг. Грамадства мадэрнізавалася, пачало больш адпавядаць сучасным тэндэнцыям.
Таксама змянілася структура працаўладкавання па дзяржаўным і недзяржаўным сектары. У сярэдзіне 90-х асноўным працадаўцам была дзяржава, а ў 2020-м — ужо прыватны сектар.
Ёсць яшчэ адзін момант, на які, магчыма, менш звяртаюць увагі. Нягледзячы на тое, што цягам усяго існавання рэжыму Лукашэнкі існаваў ціск на грамадзянскую супольнасць, трэці сектар усё ж такі працаваў. Грамадзянская супольнасць утварылася, існавалі сотні арганізацый — гэта было бачна па тым, наколькі шмат іх знішчылі пасля 2020-га. Магчыма, у 2010-я здавалася, што ўсё, што робіць грамадзянская супольнасць, не мае ніякага эфекту, а вось падчас пратэстаў высветлілася, што ўся гэтая праца не была дарэмнай.
Па тым, што я чуў ад людзей на плошчах і вуліцах, было бачна, што ў грамадства трапілі гэтыя ідэі — ідэі пра грамадскую дамову, пра тое, што мы плацім дзяржаве падаткі, пра падзел уладаў і гэтак далей. Хаця рэжым і імкнуўся гэта ўсё выціснуць, але гэта трапіла ў свядомасць людзей. На вуліцы іх выводзіла не толькі сітуацыя з кавідам, але і патрэба ў адэкватнай уладзе, якая была б кантраляваная народам.
«2020-ты быў непазбежны»
«НН»: Беларусы ў 2020-м пасталелі як нацыя?
ПЦ: Безумоўна. Вы пыталіся ў мяне, ці былі тыя падзеі перамогай або паразай. Можна сказаць, што тая рэвалюцыя не дасягнула перамогі, але такія рэвалюцыі — гэта неабходная ўмова сталення нацыі. Далёка не ўсе рэвалюцыі ў 19-м і 20-м стагоддзі прыводзілі да перамогі, але без іх сталення нацыі не адбылося б.
«НН»: Гэтае сталенне нацыі мусіць прывесці да больш адчувальных змен у Беларусі?
ПЦ: Так, змены безумоўна будуць, і рэжым не мае перспектыў. І гэта не толькі з пункту гледжання яго палітычнай структуры, якая больш падобная да 17-18-га стагоддзяў і абсалютна не пасуе сучаснаму грамадству.
У эканамічным плане гэты рэжым не здольны да развіцця. Ён ператварыў Беларусь у адну з самых жабрацкіх краін Еўропы — калі паглядзець на ўзровень заробкаў, то гэта проста сорам.
«НН»: Падзеі 2020-га на сёння — перагорнутая старонка?
ПЦ: Не думаю, што гэта перагорнутая старонка, яно не скончылася. Гэта бачна па ўсім. Бачна па тым, як паводзіць сябе рэжым, як не можа спыніць рэпрэсіі, бо яны сталі яго сутнасцю, без якой ён не можа жыць.
Гэта бачна і па тым, наколькі актыўна сябе паводзіць беларуская эміграцыя. Мне здаецца, у гісторыі Беларусі ніколі не было такой актыўнай і шматлікай эміграцыі. Вядома, можна параўноўваць з пачаткам 20-га стагоддзя або з тым, што адбывалася пасля Другой сусветнай вайны, але, на маю думку, цяпер гэтая актыўнасць усё ж такі самая вялікая.
Ну і важна, што адбываецца ўнутры Беларусі. Я бачу шмат прыкмет, што працэсы, якія там ідуць, мо і прыпыненыя ды схаваныя, але старонка далёка не перагорнутая.
«НН»: Даводзілася чуць думку, што лепш бы 2020-га не было — маўляў, тады б і не было рэпрэсій ды эміграцыі такога ўзроўню, настолькі моцнага ціску на беларушчыну. Што думаеце наконт гэтага?
ПЦ: У мяне тады іншае пытанне: а што, можна было адмяніць 2020-ты? Сказаць беларусам — маўляў, сядзіце пад плінтусам і не выходзьце?
Кожны, хто быў у Беларусі ў тыя часы, адчуваў, што нянавісць да рэжыму проста перапаўняе [людзей], і спыніць гэта немагчыма. Рэжым шмат у чым справакаваў гэтую сітуацыю, у тым ліку і асабіста Лукашэнка з яго стаўленнем да кавіду. Да гэтага далучылася тое, што было назапашана ў папярэднія дзесяцігоддзі, і людзі выйшлі на вуліцу. Мне здаецца, гэта нельга было спыніць.
«НН»: То-бок 2020-ты мусіў адбыцца?
ПЦ: Так, гэта было непазбежна.
«Не хапіла некалькі тысяч ці можа нават некалькі соцень рашучых людзей»
«НН»: Краіна ў 2020-м змянілася незваротна? Ці магчымы новы 2019-ты год?
ПЦ: Гаворка ж не толькі пра беларусаў, але і пра рэжым, а ён на такое не здольны. Я не бачу магчымасці нейкай лібералізацыі. Рэжым не мае гнуткасці, але справа не толькі ў гэтым. Бачна, што ў рэжыма вельмі моцны страх з часоў пратэстаў.
А вось ці магчымы новы 2020-ты? Безумоўна. Для гэтага патрэбнае акно магчымасцяў, і раней ці пазней яно з’явіцца.
«НН»: Што падзеі 2020-га адкрылі ў беларусах?
ПЦ: У першую чаргу яны адкрылі проста неверагодную гатоўнасць да сацыяльнай салідарнасці. Тое, як яна праяўлялася тады — мне здаецца, гэта ўнікальная з’ява не толькі для беларусаў, але і для цяперашняга чалавецтва. Гэтая гатоўнасць да салідарнасці і ўзаемадапамогі, якая не выхоўвалася палітычнай сістэмай.
Тут магчыма казаць і пра адкрыццё сябе. Падчас акцый 2020-га тэма гісторыі, ідэнтычнасці і мовы не гучала так моцна, як тэма сацыяльнай і палітычнай справядлівасці. Але пасля заканчэння іх актыўнай фазы, калі значная частка актывістаў апынулася ў эміграцыі, адбылося такое адкрыццё сябе, адкрыццё каштоўнасці ўласнай гісторыі, ідэнтычнасці.
У апошнія гады я назіраю на ютубе і ў тэлеграме сапраўдны бум рэсурсаў, прысвечаных беларускай гісторыі. Ніколі раней я такога не назіраў у найноўшай гісторыі беларусаў. Гэта вельмі радуе. Асабліва здзіўляе, што найбольш папулярнымі робяцца каналы, якія вядуць непрафесійныя гісторыкі. І я бачу, як гэтыя людзі змяняюцца ў працэсе сваёй працы.
«НН»: Што з 2020-га нам трэба пакінуць у мінулым, а што — захаваць як частку нашай калектыўнай памяці?
ПЦ: Па-першае, нам трэба зафіксаваць усё тое, што было. Трэба, каб яно не проста было зафіксаванае, а вылілася ў кнігі, манаграфіі, дакументальныя стужкі, каб гэтая памяць была матэрыялізаваная.
Вядома, яшчэ патрэбны аналіз, чаму тады не атрымалася і што трэба рабіць, каб наступны 2020-ты скончыўся безумоўнай перамогай дэмакратыі.
«НН»: Калі б рэвалюцыя ў 2020-м перамагла, ці былі б мы гатовыя да той перамогі?
ПЦ: А чаму не? Па тым, што я чуў на плошчах і вуліцах, у людзей ужо была сфармаваная адэкватная карціна таго, якой павінна быць сучасная дзяржава. Іх было сотні тысяч, і яны былі гатовыя. Іншая справа, што для рашучых дзеянняў не хапіла лідараў.
Думаю, калі б Лукашэнка ў той самы дзень адляцеў на сваім верталёце, а не вяртаўся ў палац, гісторыя Беларусі склалася б па-іншаму.
Людзі былі гатовыя дэмантаваць сістэму. Іншая справа, што яны былі абсалютна не гатовыя да нейкіх гвалтоўных дзеянняў. Магчыма, гэта другі бок той дзейнасці, якую праводзіла грамадзянская супольнасць да 2020-га, калі ўвесь час паўтаралася ідэя — маўляў, выйдзе 100 тысяч на плошчу, і рэжым заваліцца. Гэта паўтаралася пасля пратэстаў і ў 2006-м, і ў 2010-м.
Усе былі прасякнутыя думкай, што дастаткова проста выйсці і нічога больш рабіць не трэба, але высветлілася, што трэба. Не хапіла літаральна некалькі тысяч ці можа нават некалькі соцень рашучых людзей, якія б зрабілі рашучы крок.
Чытайце таксама:
Мікалай I забараніў ужываць назвы Літва і Беларусь? Гэта савецкі міф