У Шатландыі школьнік знайшоў на пляжы абломкі карабля XVIII стагоддзя
На Аркнейскіх астравах у Шатландыі школьнік у мінулым годзе падчас прабежкі заўважыў на пляжы рэшткі драўлянага карабля, якія тырчалі з пяску. Пасля гэтага археолагі разам з мясцовымі жыхарамі высветлілі, што гэта могуць быць рэшткі вайсковага карабля XVIII стагоддзя пад назвай «Граф Чатэм», які ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША, піша Associated Press.
Абломкі 250-гадовага карабля. Фота: Historic Environment Scotland
Рэшткі карабля з’явіліся на паверхні пасля буры, якая знесла пласт пяску. Мясцовыя фермеры вывезлі адтуль некалькі тон дубовых бярвенняў, а навукоўцы правялі даследаванні. Аналіз драўніны паказаў, што яна паходзіць з паўднёвай Англіі сярэдзіны XVIII стагоддзя.
Археолагам удалося звязаць знаходку з канкрэтным караблём дзякуючы архіўным запісам. У выніку яны прыйшлі да высновы, што гэта можа быць 24-гарматны фрэгат Каралеўскага флоту «Граф Чатэм», які ўдзельнічаў у спробах Вялікабрытаніі захаваць амерыканскія калоніі ў 1770-х гадах.
У 1784 годзе карабель прадалі і ён пачаў плаваць у Арктыцы, дзе займаўся кітабойным промыслам — тлушч кітоў у той час вельмі цанілі.
Спецыялісты адзначаюць, што змены клімату ўплываюць на прыродныя ўмовы і могуць прывесці да таго, што падобныя знаходкі будуць адбывацца часцей.
Мясцовая жыхарка Рут Піс падкрэсліла, што гэты выпадак нагадаў, як мінулае ў такіх месцах заўсёды побач — ці то відавочна, ці схавана пад паверхняй.
Чытайце таксама:
Археолагі кажуць, што адкрылі сярэднявечны горад пад Рагачовам
Археолагі пачалі раскопкі на Заслаўскім замку. У планах — выявіць вялікую браму