Бэта-карацін можа дапамагчы з лёгкім загарам. Але ёсць нюансы
Вытворцы харчовых дабавак з бэта-карацінам абяцаюць, што яны абароняць нас ад сонечных апёкаў і адначасова нададуць скуры лёгкі загар. Але спецыялісты заклікаюць быць уважлівымі — асабліва тым, хто курыць.
Фота: ozon.ru
Бэта-карацін — гэта пігмент, які надае моркве ўласцівы ярка-аранжавы колер. Ён прысутнічае таксама ў іншых прадуктах, такіх як шпінат, грушы ці абрыкосы. Бэта-карацін з'яўляецца найважнейшым папярэднікам рэтынолу — вітаміну А, які неабходны для зроку, росту клетак і іншых функцый.
Калі верыць абяцанням вытворцаў харчовых дадаткаў, капсулы, якія змяшчаюць бэта-карацін і іншыя караціноіды, таксама павінны забяспечыць натуральную абарону скуры ад сонца і надаць ёй лёгкае смуглае адценне.
Як сцвярджае ў інтэрв'ю Tagesspiegel.de экспертка Анжэла Клаўзэн з Цэнтра абароны спажыўцоў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, у гэтым ёсць пэўная доля праўды: бэта-карацін сапраўды можа назапашвацца ў тканках скуры і змяняць іх колер, надаючы больш смуглае адценне.
Аднак, па словах эксперткі, чакаць ад дабавак з бэта-карацінам поўнай абароны ад сонца не варта. Паводле высноў Еўрапейскага агенцтва па бяспецы харчавання (EFSA), ён «у лепшым выпадку нязначны».
Так асобныя невялікія даследаванні сапраўды паказвалі станоўчы сонцаахоўны эфект бэта-караціну, але толькі пры працяглым ужыванні высокіх дозаў — больш за 20 міліграм штодня на працягу мінімум дзесяці тыдняў.
Хоць вострая таксічнасць бэта-караціну не была зафіксавана ў даследаваннях, доўгатэрміновае яго ўжыванне ў высокіх дозах, паводле эсксперткі, можа павялічыць рызыку сур’ёзных захворванняў, асабліва ў тых, хто курыць. У іх гэта рэчыва можа спрыяць развіццю такіх захворванняў, як рак лёгкіх.
Таму спецыялісты заклікаюць не перавышаць рэкамендаваную колькасць і ўлічваць індывідуальныя рызыкі.
На жаль, многія вытворцы «сонечнай» дабаўкі не інфармуюць пакупнікоў належным чынам. Паводле праверкі Цэнтра абароны спажыўцоў Германіі, толькі 9 з 23 даследаваных прадуктаў утрымлівалі выразную заўвагу, што яны не могуць замяніць паўнавартасны сонцаахоўны сродак. І толькі тры прадукты з усіх адпавядалі рэкамендаванаму абмежаванню ў 3,5 міліграма бэта-караціну на дзень.
Такім чынам, біядабаўкі з бэта-карацінам могуць злёгку змяніць колер скуры, але не варта ўспрымаць іх як эфектыўную абарону ад ультрафіялету. Асабліва важна пазбягаць перадазіроўкі і ўлічваць індывідуальныя фактары рызыкі. Сонцаахоўныя крэмы з SPF 30 і вышэй, адзенне, капелюшы і знаходжанне ў цені застаюцца найбольш эфектыўнымі спосабамі абароны ад УФ-прамянёў.
Чытайце таксама:
Вучоныя расказваюць, як простая змена ў рацыёне харчавання можа палепшыць стан скуры і імунітэт
Дабаўкі з калагенам сталі папулярныя ў жанчын. Але ці працуюць яны? Вось што паказваюць даследаванні