БЕЛ Ł РУС

Літва не збіраецца аднаўляць транзіт беларускіх угнаенняў праз сваю тэрыторыю

22.07.2025 / 21:49

Nashaniva.com

Літва не мае намеру аднаўляць транзіт беларускіх угнаенняў праз сваю тэрыторыю, нават калі пра гэта просяць літоўскія бізнэсмены. Пра гэта заявіў Рамунас Дзілба, галоўны дарадца прэзідэнта Літвы па экалогіі і інфраструктуры. 

Фота ілюстрацыйнае

Паводле слоў чыноўніка, пакуль дзейнічаюць санкцыі ЗША і Еўрасаюза супраць паставак беларускіх калійных угнаенняў, няма сэнсу разглядаць пытанне аб аднаўленні транзіту.

Так Рамунас Дзілба пракаментаваў прапанову кампаніі Тэрмінал насыпных грузаў (Birių Krovinių Terminalas) — грузавога тэрмінала ў Клайпедзе, якая хацела заключыць пагадненне з урадам і аднавіць транзіт угнаенняў з Беларусі.

Тэрмінал насыпных грузаў, якім валодае Ігар Удавіцкі, прапанавала адклікаць свой пазоў у Суд ЕС у абмен на дазвол праводзіць транзіт прадукцыі дзяржаўнага беларускага прадпрыемства «Беларуськалій».

Аднак Рамунас Дзілба падкрэсліў, што нават калі міжнародныя санкцыі будуць знятыя, Літва ўсё адно можа выкарыстаць унутраныя законы для абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў.

Ён адзначыў, што калі нейкая кампанія атрымлівае прыбытак ад транзіту і такім чынам ускосна падтрымлівае вайну Расіі або ўзмацняе аўтарытарны рэжым у Беларусі, то краіна мае права прыняць меры на нацыянальным узроўні.

Чытайце таксама:

Наўседа выказаўся наконт ідэі Ціханоўскага пра аўтаномныя «астравы» беларусаў у розных краінах

Вольга Лойка: Санкцыі на беларускія калійныя ўгнаенні могуць быць помстай з боку Расіі

Літва спрабуе пераканаць ЗША не здымаць санкцыі з беларускага калію

Прэм'ер Літвы не выключае, што ЗША могуць паспрабаваць прымусіць Вільню зняць санкцыі з беларускага калію

Каментары да артыкула