БЕЛ Ł РУС

У Швейцарыі заўважылі цэлую групу турыстаў у нацысцкай форме

22.07.2025 / 17:44

Nashaniva.com

25 мужчын з розных краін Еўропы, а таксама з ЗША, займаліся хайкінгам у форме вермахта ўзору 1939 года, пiша Blick.

Ілюстрацыйнае фота: Jamey Keaten / AP

Паліцыя кантона Берн праверыла групу з 25 мужчын у форме вермахта, якая перасякала масіў Вільдхорн. Паліцыянты запатрабавалі, каб яны знялі нацысцкую сімволіку.

Мясцовыя жыхары заўважылі групу ў незвычайным адзенні яшчэ ў пятніцу.

«Група складалася з прыблізна 25 чалавек з розных еўрапейскіх краін, а таксама з ЗША», — расказалі ў паліцыі. Сілавікі папрасілі турыстаў зняць курткі з нацысцкай сімволікай, каб пазбегнуць магчымых сутыкненняў з іншымі людзьмі.

Удзельнікаў дапыталі і запісалі іх даныя, але ніякіх юрыдычных наступстваў гэта не мела, паколькі ў Швейцарыі нашэнне нацысцкай сімволікі пакуль не забаронена.

Па расказах відавочцаў, група сабралася на невялікім кемпінгу каля вадаспадаў Зімен у камуне Ленк. Першым на стаянку прыбыў дом на колах з Даніі.

«Мужчына насіў вусікі над верхняй губой і старасвецкую баваўняную фуражку», — расказаў відавочца. Ён прыехаў не адзін: з ім былі жанчына, дзіця і пажылая жанчына. Датчанін, верагодна, быў кіраўніком групы.

На наступны дзень пачалі прыбываць машыны з розных краін, у тым ліку са Швейцарыі, напрыклад, з кантона Во. Потым удзельнікі групы пачалі абменьвацца адзеннем. У выніку турысты апрануліся ў вайсковую форму вермахта ўзору 1939 года. На некаторых мундзірах былі свастыкі і іншыя нацысцкія сімвалы.

На сайце групы мужчыны апісваюць сябе як «апалітычных». Удзельнікі прыбываюць з ЗША і шэрагу еўрапейскіх краін, яны актыўныя з 2009 года. Асаблівую ўвагу яны надаюць аўтэнтычнасці формы, якая, паводле іх слоў, павінна адпавядаць стандартам «горнай школы арміі» 1939 года. На сайце размешчаны PDF-файл з 20 старонак з падрабязным апісаннем правіл нашэння формы, уключаючы інструкцыі па нанясенні свастыкі.

Большасць партый, кантонаў і грамадскіх арганізацый у Швейцарыі выступаюць за забарону выкарыстання і распаўсюджвання нацысцкай сімволікі ў грамадскіх месцах. Грамадскае абмеркаванне адпаведнага закона, прапанаванага Федэральнай радай, завяршылася ў сакавіку гэтага года. Парушэнне прадугледжваецца караць штрафам памерам у 200 франкаў (251 долар).

Федэральная рада хоча забараніць не толькі свастыку, прывітанне «Хайль Гітлер» і руны СС, але таксама лічбавыя коды кшталту «18» і «88», якія трактуюцца як «Адольф Гітлер» і «Хайль Гітлер». Кантэкст будзе вызначальным пры ацэнцы, ці лічыцца сімволіка крымінальна каранай.

Чытайце таксама:

Прарасійская актывістка Мірсалімава патлумачыла, чаму нельга забараняць чытаць «экстрэмісцкія» выданні

Адказнасць за забойства палкоўніка СБУ Вароніча ў Кіеве ўзяла на сябе неанацысцкая групоўка «База»

«Тэму генацыду беларускага народа прыдумалі расіяне і падсунулі гэта ў якасці сцэнарыя для мабілізацыі беларусаў»

У Навагрудку падпісалі дамову аб стварэнні Беларускага музея Халакосту

Каментары да артыкула