Ва Украіне хочуць пісаць «Берасце», а не «Брэст»
Трэба татальна пазбаўляцца комплексу непаўнавартасці, заклікаў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга са сваім нямецкім калегам Ёганам Вадэфулем, 30 чэрвеня 2025, Кіеў. AP Photo / Efrem Lukatsky
Міністр замежных спраў Украіны заклікаў да яшчэ большай паслядоўнасці ў выкарыстанні ўкраінскіх варыянтаў геаграфічных назваў.
«Нядаўна мне на стол прынеслі ноту замежнай дзяржавы, у якой яна да нас звярталася па нейкім пытанні. Я пачаў чытаць тэкст, пакуль не дайшоў да слова Kiev, — напісаў Андрэй Сібіга ў сябе ў фэйсбуку. — Далей ужо не чытаў. Распарадзіўся: «Вярнуць без разгляду і больш не прымаць».
Спачатку трэба вывучыць правапіс назваў украінскіх гарадоў, а потым ужо высылаць «запэўніванні ў глыбокай павазе».
Тое самае тычыцца ўкраінскіх тапонімаў Odesa, Lviv, Chernihiv, Kharkiv, Chornobyl ды іншых, якія павінны адпавядаць украінскай, а не рускай транслітарацыі.
МЗС сістэмна працуе над выпраўленнем няправільнага напісання нашых тапонімаў ва ўсім свеце. Гаворка ідзе пра анлайн-рэсурсы, медыя, транспарт, публічныя месцы, дзяржаўныя органы, мастацтва і іншыя сферы. І мы ўжо дасягнулі поспехаў на гэтым шляху. Найбуйнейшыя сусветныя медыя, сярод якіх AP, BBC, The Guardian, ARD і многія іншыя, транспартныя кампаніі, у прыватнасці Air France і іншыя, сотні аэрапортаў па ўсім свеце, урады — Германіі і іншых краін — міжнародныя арганізацыі і іншыя ўжо змянілі правілы напісання ўкраінскіх гарадоў на карэктныя транслітарацыі з украінскай мовы.
У той жа час гэтая праца, вядома, працягваецца. Час ад часу вылоўліваем то тут, то там памылковыя назвы. Дзякую ўсім грамадзянам, актывістам і арганізацыям, якія дапамагаюць нам у гэтым. Калі мы з вамі не будзем гэта рабіць, ніхто за нас гэта не зробіць», — піша Сібіга.
Міністр таксама заклікае не забывацца і пра іншы прынцыповы момант — каб па-ўкраінску ўжываліся традыцыйныя ўкраінскія варыянты геаграфічных назваў, а не іх русіфікаваныя варыянты.
«Бо мы ж ва Украіне кажам «Берестя», а не «Брест». «Білгород», а не «Бєлгород». «Доброчин», а не «Дебрецен». Гэты спіс можна працягваць», — кажа міністр.
Берасце, цэнтр горада. Фота: Наша Ніва
Ад рэдактара
На добрай беларускай мове назвы многіх гарадоў таксама гучаць не так, як у афіцыйнай зрусіфікаванай мове. Так, да 1939 года сталіца Беларусі канстытуцыйна называлася «Менск» і толькі пасля яе назву ўніфікавалі з расійскім гучаннем у рамках русіфікацыі.
Берасце, а не Брэст; Горадня, а не Гродна; Наваградак, а не Навагрудак; Янаў, а не Іванава; Мёры, а не Міёры; Лёзна, а не Ліозна — прычым многія з русіфікаваных назваў з'явіліся, бо расійская імперская адміністрацыя ў свой час тупа скапіявала іх з польскага напісання, хоць беларусы вымаўлялі іх інакш. Нашы самабытныя назвы вярталіся ва ўжытак, пакуль лукашэнкаўцы не распачалі новы віток русіфікацыі краіны.
Мы ў «Нашай Ніве» ўжываем як афіцыйныя, так і традыцыйныя назвы беларускіх гарадоў і спадзяемся, што спрадвечныя варыянты вернуцца і ў шырокі ўжытак.
Чытайце таксама:
Лукашысты пазбавіліся беларускай лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў
Не Берасце. Гістарычна Брэст называўся не так, як прынята лічыць