«Пажартавалі з бульбай у мінулым годзе — атрымалі ад насельніцтва па вушах». Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў да сур'ёзнасці
Праводзячы сёння селектарную нараду са сваімі чыноўнікамі, Лукашэнка не абышоў увагай набалелую сёлетнюю праблему — забеспячэння спажывецкага рынку бульбай. Ён паставіў перад аграрыямі задачу сабраць бульбы не менш за мільён тон, каб хапіла і для ўнутранага рынку, і для экспарту.
Фота ілюстрацыйнае
Лукашэнка адзначыў, што на ўласныя вочы бачыць, што на бульбяных палях не ўсё ладзіцца:
«Што з бульбай? Я ўсё ж такі бачу на палях, дзе кантралюю, што фітафтора ці нейкая там іншая зараза», — звярнуўся ён да міністра сельскай гаспадаркі Юрыя Горлава.
Міністр адказаў, што, магчыма, аграрыі крыху і не справіліся з кантролем, але прагноз на ўраджай аптымістычны: «калі ў мінулым было сабрана 780 тысяч тон бульбы, то ў гэтым краіна плануе атрымаць не менш за мільён тон».
Лукашэнка знайшоў крыніцу для аптымізму ў тым, што
«ў нас усё ж такі вытворчасць бульбы, як і буракоў, сканцэнтраваная ў асобных гаспадарках, там дзе ўмеюць яе апрацоўваць. Таму трэба апрацоўваць, каб не загубіць».
У сувязі з гэтым ён даручыў не толькі міністру, але і прэм'еру з віцэ-прэм’ерам арганізаваць працу так, каб «не было ніводнай заўвагі».
«Дзейнічайце, дакладвайце напрамую. Калі хтосьці вам не падпарадкаваўся, не даў інфармацыю, прымем самыя жорсткія меры. Сёння нельга жартаваць. Пажартавалі з бульбай у мінулым годзе — атрымалі ад насельніцтва па вушах. І апраўдваемся ўсе — ад прэзідэнта да старшыні райвыканкама», — папярэдзіў Лукашэнка.
І на тое, што бульба вывозіцца ў Расію, ківаць таксама, па яго словах, не варта:
«Апраўдваемся, што бульба была ў Расіі даражэйшая ў тры разы і яе вывезлі. Дык трэба было вырасціць столькі, каб на ўнутраным рынку хапала бульбы і можна было прадаць. Гэта добрыя грошы для сялян».
Чытайце таксама:
На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць
Лукашэнку далажылі, што камбайны не гатовыя да жніва ў кожнай трэцяй гаспадарцы
Лукашэнка загадаў строга пытацца за кожны скрадзены каласок падчас жніва