Кіраўнік Ліды заклікаў сілавікоў не спыняць палітычных рэпрэсій
Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі браў удзел у пашыранай нарадзе мясцовага РАУС, на якім падводзіліся вынікі працы за апошняе паўгоддзе. Як адзначаецца ў надрукаваным у мясцовай дзяржаўнай газеце рэпартажы, ён у сваёй прамове «адзначыў плённую сумесную працу па вырашэнні актуальных пытанняў» і нагаварыў міліцыі шмат кампліментаў.
Аляксандр Вярсоцкі
«Наш грамадскі парадак, дысцыпліна, якая на сённяшні дзень існуе ў грамадстве, — гэта таксама ваша заслуга. Дзякуй Вам за плённую працу ў 2020 годзе.
Ёсць такі дэвіз: «Не забудзем, не даруем». Мы не можам дараваць тым людзям, якія хацелі тады нашу краіну перакуліць. Праца праваахоўных органаў у гэтым кірунку ідзе планамерна па гэты дзень — не спыняйцеся!
Вытрымаем — захаваем мірнае неба над галавой. Не дамо сілам звонку спарадзіць ўнутры нашага грамадства негатыўныя сітуацыі», — заявіў вертыкальшчык.
Праўда, у справаздачы аб дзейнасці мясцовай міліцыі за паўгоддзе пункт пра выяўленне палітычных «злачынстваў» ці то не прысутнічаў увогуле, ці то быў абыйдзены ўвагай аўтарамі рэпартажу.
Чытайце таксама:
Ад чаявання з абаранкамі да песень пра «герояў СВА». Як Рускі дом прыносіць у Гродна рускі свет
«Мы працуем, каб вызваленні сталі сістэмнымі, а не спарадычнымі». Вячорка адказаў Краўцову