Гэтыя простыя прадукты — альтэрнатыва бульбе. Раней беларусы елі менавіта іх
Вядомы доктар Андрусь Белавешкін, кандыдат медыцынскіх навук і аўтар некалькіх кніг пра здаровы лад жыцця і харчаванне ў выпуску ТОКу расказаў, як зрабіць наш рацыён харчавання больш карысным.
Андрусь Белавешкін адзначае, што бульба — не традыцыйны прадукт беларусаў у гістарычнай перспектыве. Да яе распаўсюджвання асновай харчавання былі бабовыя: фасоля, сачавіца, боб — «нашмат больш карысныя крыніцы вугляводаў, дзе яшчэ шмат бялку і меншы глікемічны індэкс».
Таму доктар прапаноўвае больш есці бабовых. Спажыванне бульбы ён называе «хардкор-традыцыяй» і заўважае, што найменш карысная — смажаная бульба. Яна ўтрымлівае шмат тлушчу і мае высокую каларыйнасць. Але галоўная праблема нават не ў самой бульбе, а ў тым, што яна часта замяняе іншыя важныя прадукты:
«Што мы не з'ядаем, калі проста з'елі патэльню бульбы? Мы не з'ядаем дастаткова бялку, не з'ядаем дастаткова садавіны. То-бок калі людзі проста закінулі патэльню і сядзяць, набіўшы сабе жывот, то пытанне не проста ў гэтай бульбе, а чаго яны замест гэтага не з'елі? І чаго ім цяпер не хапае з пункту гледжання пратэіну, клятчаткі і гэтак далей».
Чаго варта пазбягаць у харчаванні?
Акрамя змяншэння спажывання бульбы, першае, што варта выключыць з рацыёну, — ультраперапрацаваныя прадукты ў любым выглядзе.
«Напрыклад, замарожаная курыца — окей. Сасіскі з курыцы, з дадаткамі тлушчу і розных узмацняльнікаў смаку — не акей. Яблык — акей, яблычны сок — не акей. Цэльны банан — акей, сухафрукт банана — не акей»,
— прыводзіць прыклады Белавешкін.
Асноўнае правіла простае: ешце прадукты чым менш перапрацаваныя. І гэта будзе заўсёды больш карысна, а часам і больш танна і смачна.
Мяса: белае ці чырвонае?
Белавешкін раіць аддаваць перавагу беламу мясу — курыцы ці індычцы. Яго можна спажываць часцей, бо яно не нясе тых рызык, што звязваюцца з празмерным ужываннем чырвонага мяса.
«Але калі вы некалькі раз на тыдзень з'ядаеце цэльнае чырвонае мяса, то я думаю, таксама акей», — заўважае доктар.
Колькі разоў на тыдзень варта есці рыбу?
Што тычыцца рыбы, то, на погляд спецыяліста, дастаткова, каб яна была ў нашым рацыёне два-тры разы на тыдзень. Доктар асабліва рэкамендуе скумбрыю глыбокай замарозкі:
«Цэльная рыба глыбокай замарозкі, шмат амега-3, не фермерская, лепшая за ласося і таннейшая за ласося. Вы атрымаеце, з'еўшы дзве рыбіны за тыдзень, тыднёвую норму амега-3, селену, ёду, найлепшага бялку і ўсяго, што трэба».
Які сняданак найлепшы?
Найлепшы сняданак — высокабялковы, у якім прысутнічаюць такія прадукты, як яйкі, тварог, курыца, сачавіца і трохі садавіны.
Калі нешта трэба вельмі хуткае зрабіць, то Белавешкін раіць такі варыянт: «Разбіце два-тры яйкі, [пасмажце] ці проста іх зварыце. Вазьміце замарожаны малочны гарошак, проста кіньце ў кіпень і давядзіце да кіпення. Усё. Пяць хвілін — у вас ужо гатовы такі сняданак, што вы забудзеце пра харчаванне гадзіны на чатыры».
А што з вадой? Два літры?
Доктар тлумачыць, што лічба два літры, якую часта рэкамендуюць як норму, — гэты агульны аб'ём неабходнай вады (улічваючы суп, садавіну і гэтак далей). Для таго, каб кантраляваць свой водны баланс, Белавешкін раіць звяртаць увагу на колер мачы.
«Насамрэч, вам трэба піць, каб у вас быў светлы-светлы ці жоўты колер мачы. (…) У туалет схадзілі. Паглядзелі: «Так, празрысты. Я нармальна п'ю. Крышку жоўты — так, трэба яшчэ 250 мілілітраў. Выразна жоўты — так, паўлітра трэба папіць», — тлумачыць доктар.
Чытайце таксама:
Чаму хваробы маладзеюць? Тлумачыць доктар
Белавешкін: «Аземпік» проста інструмент, а не нейкі цуд, які ўсім універсальна падыходзіць