БЕЛ Ł РУС

Мерц: Магчымасцяў для дыпламатычнага ўрэгулявання ва Украіне больш няма

9.07.2025 / 18:43

Nashaniva.com

Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц заявіў падчас выступлення ў Бундэстагу, што дыпламатычныя шляхі вырашэння канфлікту ва Украіне вычарпаныя. Ён рэзка асудзіў чарговую ракетную атаку Расіі, якая стала найбуйнейшай з пачатку поўнамаштабнага ўварвання, і назваў рэжым Пуціна злачынным.

Фрыдрых Мерц. Фота: Pierre Crom/Getty Images

Пры гэтым Мерц падкрэсліў, што Германія працягне падтрымліваць Украіну.

У чэрвені міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус паведаміў, што ў 2025 годзе плануецца выдзеліць Украіне яшчэ 1,9 мільярда еўра, галоўным чынам на вытворчасць дальнабойнай зброі. Усяго Берлін накіруе Кіеву 9 мільярдаў еўра вайсковай дапамогі.

У пачатку ліпеня Мерц не выключыў магчымасць паставак Украіне ракет Taurus, здольных даляцець да Масквы, але адзначыў, што для іх эфектыўнага выкарыстання патрэбна як мінімум паўгода навучання.

Германія — другі найбуйнейшы донар Украіны пасля ЗША. З 2022 года краіна выдзеліла ўжо 44 мільярда еўра на вайсковую, фінансавую і гуманітарную дапамогу. Украінская армія атрымала ад Германіі сістэмы СПА IRIS-T і Patriot, танкі Leopard, бронетэхніку і боепрыпасы.

На апошнім пасяджэнні фармату «Рамштайн» быў зацверджаны новы пакет дапамогі на 5 мільярдаў еўра, які прадугледжвае вытворчасць зброі і беспілотнікаў ва Украіне, перадачу сістэм СПА і аплату паслуг спадарожнікавага інтэрнэту Starlink. Мерц назваў гэта пачаткам новага этапу вайскова-прамысловага супрацоўніцтва. Ён дадаў, што створаная зброя не будзе мець абмежаванняў на ўдары па тэрыторыі Расіі.

Мерц таксама заявіў, што хоча ператварыць Бундэсвер у наймацнейшую армію Еўропы, каб супрацьстаяць расійскай пагрозе. 

Чытайце таксама:

Прарасійскія рэсурсы запусцілі фэйк пра Фрыдрыха Мерца і паляванне на белых мядзведзяў

«Пасля апошняй размовы з маім папярэднікам бомбы ўпалі на дзіцячую бальніцу ва Украіне». Мерц упэўнены, што не трэба ўгаворваць Пуціна

Мерц катэгарычна супраць пасярэдніцтва Пуціна на Блізкім Усходзе

Пастаўкі Украіне ракет Taurus пад пытаннем з-за пазіцыі міністра фінансаў Германіі

Мерц паабяцаў дапамагчы Украіне з распрацоўкай уласнай дальнабойнай зброі

Каментары да артыкула