Ці карыстаюцца беларускія вернікі беларускай мовай? Каталіцкі сайт падзяліўся цікавай статыстыкай
Праглядаючы статыстыку сайта, рэдакцыя выдання Katolik.life звярнула ўвагу на некаторыя паказчыкі, якія, на яе думку, гавораць пра пэўныя тэндэнцыі. Так, за апошні час знойдзены толькі адзін запыт ад карыстальнікаў на беларускай мове.
Статыстыка сайта за мінулы тыдзень паказвае, што за 7 дзён яго наведалі звыш 5 тысяч чалавек, і з іх большасць — быццам бы з Нарвегіі. Насамрэч так адлюстроўваюцца клікі з выкарыстаннем VPN, то-бок яны з Беларусі.
Год таму гэты сайт у Беларусі заблакавалі, аднак паколькі адзін з аператараў сувязі пакінуў доступ да яго з тэрыторыі краіны, то і наведаванні з беларускіх IP здараюцца. За тыдзень такіх было каля 450.
Асноўная частка чытачоў на мінулым тыдні прыйшла на сайт з Google праз запыты пра Будслаўскі фэст — клікаў па гэтых запытах было больш за 1000. І вось што тут цікавага.
Абсалютна ўсе пошукавыя запыты пра Будслаў (звыш 10 варыянтаў) былі на рускай мове. І ўвогуле, практычна ўсе запыты, па якіх наведвальнікі прыходзяць на сайт, людзі фармулююць па-руску.
За апошні час сустракаўся толькі адзін беларускамоўны запыт, па якім вернік трапіў на сайт — «чытанні дня».
Аднак нельга выключаць, адзначае рэдакцыя сайта, што запытаў па-беларуску было больш, толькі Google кепска індэксуе старонкі з беларускай мовай, таму можа і не выдаваць вынікі.
Што тычыцца пераходаў па запытах пра Будслаўскі фэст, то статыстыка сведчыць, што VPN пры пошуках быў уключаны ў невялікай часткі вернікаў. Напрыклад, па самым папулярным запыце спасылка на старонку была паказаная за тыдзень звыш 3 тысяч разоў і была размешчаная пры выдачы ў першых радках. Але толькі крыху больш за 10% змаглі перайсці па спасылцы.