БЕЛ Ł РУС

Махляр пры дапамозе ШІ выдаў сябе за Марка Рубіа і звязаўся з трыма міністрамі замежных спраў

8.07.2025 / 16:16

Nashaniva.com

Невядомы перапісваўся ў Signal і прысылаў галасавыя паведамленні, створаныя з дапамогай нейрасетак, даведалася The Washington Post.

Марка Рубіа. Фота: Saul Loeb, Pool Photo via AP

Махляр выдаваў сябе за дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа і звязаўся з міністрамі замежных спраў, а таксама губернатарам аднаго са штатаў ЗША і членам Кангрэса.

Невядомы рассылаў галасавыя і тэкставыя паведамленні, імітаваныя з дапамогай нейрасетак, якія ўзнаўлялі голас і стыль пісьма Рубіа.

Амерыканскія ўлады пакуль не высветліілі, хто стаіць за гэтай атакай. Сілавікі лічаць, што зламыснік спрабаваў маніпуляваць высокапастаўленымі чыноўнікамі «з мэтай атрымання доступу да інфармацыі або акаўнтаў», гаворыцца ў дэпешы, накіраванай офісам Рубіа супрацоўнікам Дзярждэпартамента.

Невядомы выкарыстоўваў як тэкставыя паведамленні, так і зашыфраваны дадатак Signal, які актыўна выкарыстоўваецца адміністрацыяй Трампа. Згодна з дэпешай ад 3 ліпеня, ён «звязаўся як мінімум з пяццю асобамі, якія не ўваходзяць у структуру Дзярждэпартамента, уключаючы трох міністраў замежных спраў, аднаго губернатара і аднаго члена Кангрэса ЗША».

Кампанія па падробцы пачалася ў сярэдзіне чэрвеня, калі махляр стварыў акаўнт у Signal з іменем «Marco.Rubio@state.gov» і пачаў кантактаваць з дыпламатамі і палітыкамі, якія нічога не падазравалі — як замежнымі, так і амерыканскімі. Гэта імя не з'яўляецца яго сапраўдным электронным адрасам.

У Дзярждэпартаменце заявілі, што «правядуць дэталёвае расследаванне і працягнуць укараненне мер бяспекі, каб прадухіліць падобныя выпадкі ў будучыні». Прадстаўнікі ведамства адмовіліся раскрываць змест паведамленняў альбо імёны чыноўнікаў, якія сталі аб'ектамі атакі.

Інцыдэнт з Рубіа адбыўся на фоне іншых нядаўніх спроб махлярства, накіраваных на высокапастаўленых асоб у ЗША. У маі, па інфармацыі Wall Street Journal, хтосьці атрымаў доступ да тэлефона кіраўніцы адміністрацыі Белага дома Сюзі Уайлс і пачаў тэлефанаваць сенатарам, губернатарам і бізнэсменам ад яе імя.

Гэтая сітуацыя выклікала расследаванне з боку Белага дома і ФБР, аднак Дональд Трамп не надаў выпадку сур'ёзнага значэння, заявіўшы, што Уайлс — «дзівосная жанчына», якая «сама справіцца».

ФБР адмовілася каментаваць сітуацыю з падробным Рубіа. Падробка асобы федэральнага чыноўніка з мэтай махлярства або атрымання выгады з'яўляецца крымінальным злачынствам.

Чытайце таксама:

Кіраўніцтва Грузіі напісала Трампу абразлівы ліст, калі той заступіў на пасаду

Рубіа пра санкцыі супраць Расіі: Трамп ведае правільны час і месца для іх увядзення

Трамп паабяцаў Зяленскаму неадкладна адправіць Украіне ракеты-перахопнікі для Patriot

Каментары да артыкула