Прэм'ер Літвы раскрытыкаваў рашэнне Польшчы ўвесці памежны кантроль
Прэм’ер Літвы Гінтаўтас Палуцкас крытычна адгукнуўся пра рашэнне Польшчы аднабакова ўвесці ўзмоцнены кантроль на мяжы з Літвой. На яго думку, гэта рашэнне стварае нязручнасці для падарожнікаў у межах Еўропы і супярэчыць духу Шэнгенскай зоны, якая з'яўляецца адной з галоўных каштоўнасцяў ЕС, піша Delfi.lt.
Гінтаўтас Палуцкас. Фота: Augustas Didžgalvis / Wikimedia Commons
Паводле слоў Гінтаўтаса Палуцкаса, Польшча прыняла гэтае рашэнне ў сувязі з праблемай другаснай міграцыі, у тым ліку з-за напружанасці ў адносінах з Германіяй наконт вяртання нелегальных мігрантаў. Ён лічыць, што палітычныя прычыны гэтага рашэння важныя, але яно не павінна быць доўгатэрміновым.
Палуцкас таксама адзначыў, што Літва не будзе прымаць люстраныя меры і не стане «адлоўліваць» палякаў на сваёй тэрыторыі. Замест гэтага яна ўзмоцніць нагляд за міграцыяй на мяжы з Латвіяй, паколькі праз не да канца завершаны фізічны бар'ер у Латвіі мігранты адтуль могуць трапляць у Літву і далей у Польшчу і Германію.
З 7 ліпеня а 1-й гадзіне ночы Польшча ўвяла кантроль на 13 памежных пунктах з Літвой, а таксама ўзмацніла нагляд на так званай «зялёнай мяжы» — палях, лясах і вадаёмах. Грамадзянам, якія ўязджаюць у Польшчу, нагадваюць пра неабходнасць мець пры сабе пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу.
Чытайце таксама:
Польшча аднавіла кантроль на мяжы з Літвой. Што там цяпер адбываецца?
У Польшчы расказалі, як будзе з 7 ліпеня праходзіць кантроль на мяжы з Літвой